Банкі перасталі выдаваць крэдыты
20- 18.12.2014, 16:42
- 57,343
У Беларусі пачаліся праблемы з выдачай крэдытаў.
Пра гэта charter97.org паведаміў чытач, супрацоўнік «Хоўм Крэдыт Банк».
«У нашых канкурэнтаў праблемы: «Ідэя Банк» і «Дэльта Банк» не выдаюць крэдытаў. Хутчэй за ўсё, у іх няма ліквіднасці. З нашага банка людзі таксама выносяць уклады», - распавядае ён.
Журналіст charter97.org звярнуўся за пацвярджэннем інфармацыі ў «Дэльта Банк». На пытанне, ці можна аформіць крэдыт, аператар адказала адмоўна.
«На жаль, на сённяшні дзень крэдытаванне прыпыненае на нявызначаны тэрмін», - сказалі ў банку.
Супрацоўніца «Ідэя Банка» Алена Кухарчык ад адказу ўстрымалася.
Нагадаем, Лукашэнка сёння заявіў, што не будзе дэвальваваць беларускі рубель услед за расейскім.
Ён падкрэсліў: «Нікога не хачу здзівіць, пазіцыя застаецца ранейшай. Мы не збіраемся бегчы за Расеяй, гэта катэгарычна забараняецца, таму што расейскі рынак - незразумела што там, хто што хоча і што там будзе». «Хочаце абвалу - бегайце па абменніках. Гэта ўсё ў руках грамадзян нашай краіны. Ківаць на кіраўніцтва, на ўрад, на Нацыянальны банк сёння непрымальна» i>, - сказаў ён.
Цяпер у менскіх абменніках даляр падскочыў да Br11 500, у многіх з іх ужо няма валюты.