Эдуард Лобаў: Беларускае войска знаходзіцца пад уплывам расейскай прапаганды
1- 19.12.2014, 15:08
- 10,603
Першую пасля вызвалення прэс-канферэнцыю правёў былы палітвязень Эдуард Лобаў.
Яго вызвалілі з Івацэвіцкай папраўчай калоніі №22 18 снежня, пасля чатырохгадовага тэрміну зняволення. Адказваючы на пытанні журналістаў, Эдуард Лобаў выказаў сваё меркаванне што да магчымага вызвалення апошняга, хто пацярпеў за Плошчу-2010, палітвязня Мікалая Статкевіча, паведамляе ПЦ "Вясна".
"Цяжка, вядома, казаць аб тым, чаму Мікалая Статкевіча так доўга трымаюць. Хутчэй за ўсё яго будуць трымаць да таго часу, пакуль не пройдуць прэзідэнцкія выбары. Але ў выпадку якой-небудзь іншай вонкавай палітычнай сітуацыі, яго могуць вызваліць датэрмінова, як гэта было, напрыклад, з Аляксандрам Бяляцкім", - кажа ён.
Лобаў таксама распавёў пра тое, што ў яго была магчымасць выйсці на свабоду некалькі гадоў таму: яму тройчы прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, бо мяркуе, што ні ў чым не вінаваты, а тым больш, што гэты рэжым яму чужы. Над Эдуардам Лобавым быў усталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год, але якія будуць умовы, ён пакуль не ведае, паколькі яшчэ не станавіўся на ўлік.
Успамінаючы суд 24 сакавіка 2011 г над сабой і Дзмітрыем Дашкевічам, ён адзначыў наступнае: "Гэты працэс правялі фармальна, паколькі з самага пачатку было вядома, каму і які тэрмін будзе свяціць і было вядома, што гэта справа цалкам падстаўная. Увогуле, я не разглядаў гэта як суд".
Былы палітвязень падрабязна спыніўся на ўмовах утрымання ў Івацэвіцкай папраўчай калоніі. Адносіны з іншымі вязнямі, з ягоных слоў, былі нармальнымі, як з усімі астатнімі. Супрацоўнікі калоніі ведалі, за што ён сядзіць, бывала, што выклікалі на пэўныя размовы. Лобаў не адчуваў асаблівага прэсінгу на сабе як на палітвязня, хоць за чатыры гады атрымаў 18 спагнанняў, сядзеў у карцэры. Наогул ніякіх адрозненняў паміж ім і астатнімі, не было. Умовы ў калоніі, дзе адбываў тэрмін, ён назваў звычайнымі, але прызнаўся, што яму няма з чым параўноўваць, паколькі ў іншых калоніях ён не быў. Аднак, калі ўлічваць, што цяпер 21 стагоддзе, то яны непрымальныя.
Закранаючы тэму медыцынскага абслугоўвання, Лобаў распавёў, што звяртаўся да ўрачоў са звычайнымі хваробамі і яму дапамагалі здавальняюча, а тыя, у каго розныя складаныя, альбо хранічныя захворванні, скардзяцца на медыцыну вельмі часта. Што тычыцца харчавання, то яно было звычайным для такіх устаноў: раніцай каша на вадзе, на абед - суп, макароны, ці зноў каша з якой-небудзь каўбасой, вечарам - бульба была з рыбай, або кіслая капуста. "Наколькі я зразумеў, гэтую ежу даюць так, каб толькі падтрымліваць жыццядзейнасць. Для гэтага такой нормы як раз і дастаткова", - робіць высновы Лобаў.
Лобаў адзначыў, што тых, хто ставіцца негатыўна да дзеючай улады, вельмі шмат. Многія, з якімі ён быў знаёмы ў калоніі, падзялялі яго палітычныя погляды. Амаль палова зняволеных негатыўна ставіцца да агрэсіі Расеі ў дачыненні да Украіны.
Таксама былы палітвязень спыніўся на вайсковай тэме. Прынамсі, ён распавёў пра тое, якім бачыць беларускае войска: "Нам неабходная кантрактнае, прафесійнае войска, якое будзе гадамі назапашваць досвед. І яшчэ: вялікая колькасць вайскоўцаў, якія цяпер служаць, дзякуючы дзяржаўнай прапагандзе разглядаюць Расею, як нешта блізкае для нас. І гэта, на маю думку, момант нацыянальнай пагрозы. У выпадку агрэсіі з боку Расеі ў бок Беларусі, на іх можна не спадзявацца, яны могуць перайсці на варожы бок. Калі што зменіцца, улада, напрыклад, я планую пайсці ў войска".
Пра свае планы на будучыню былы палітвязень сказаў, што канкрэтных планаў пакуль няма: "Трэба агледзецца і вызначыцца, што рабіць, дзе працаваць".