Вольгу Нікалайчык судзяць за сцяг на плошчы Незалежнасці
5- 20.12.2014, 13:57
- 11,914
У судзе Маскоўскага раёна Менска адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы рэжысёра Вольгі Нікалайчык.
Яе вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, піша сайт ПЦ «Вясна».
Актывістка Ніна Багінская ўчора ўвечары каля Чырвонага касцёла разгарнула бел-чырвона-белы сцяг у знак памяці пра падзеі Плошчы 2010 года. Гэтую акцыю здымала рэжысёр Вольга Нікалайчык. Калі амапаўцы сталі пераследаваць актывістку апазіцыі, яна заступілася за яе. У выніку Ніну Багінскую адпусцілі, а Вольгу Нікалайчык затрымалі.
Як паведаміў актывіст Леанід Кулакоў, рэжысёра адвезлі ў Маскоўскі РАУС і пакінулі да суду ў пастарунку. Ежу, якую спрабавалі перадаць сябры, прыняць адмовіліся.
Суд прызначаны на 10 гадзін раніцы ў судзе Маскоўскага раёна Менска (праспект Газеты Праўда, 27)
Вольга Нікалайчык - рэжысёр-дакументаліст, аўтар вядомых фільмаў «Катаванні ў Беларусі» і «Падарожжа па бясконцай вайне». Яе стужкі пра беларускіх палітвязняў неаднаразова дэманстраваліся на міжнародных фестывалях.