Лукашэнка паехаў у Кіеў «выбіваць» грошы за нафтапрадукты
25- Зміцер Бандарэнка
- 21.12.2014, 18:54
- 79,060
Беларускаму кіраўніку тэрмінова патрэбныя «жывыя» грошы.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка пракаментаваў сайту charter97.org візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў і ягоныя перамовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, якія праходзяць сёння.
«Лукашэнка паляцеў у Кіеў для вырашэння праблем з аплатай за пастаўку беларускіх тавараў, у першую чаргу нафтапрадуктаў. У сувязі з рэзкай дэвальвацыяй грыўны пакупніцкая здольнасць Украіны, як гандлёвага партнёра, знізілася. Украіна настойвае на неабходнасці зніжэння коштаў на беларускія нафтапрадукты, якія пастаўляюцца, бо Беларусь закупляе расейскую нафту вельмі танна, а прадае нафтапрадукты з яе, на думку ўкраінскага боку, са значна завышаным коштам.
Перамовы напэўна будуць складанымі, бо Лукашэнка сам знаходзіцца ў вельмі цяжкай сітуацыі. Імкненне зарабіць на расейскіх санкцыях прывяло да катастрафічных наступстваў для беларускай фінансавай сістэмы. Беларусь закупіла на велізарную суму тавары ў Польшчы і іншых краінах ЕЗ для перапродажу ў Расею. Але пасля падзення расейскага рубля замест даходу Лукашэнка атрымаў гандаль сабе ў страту.
На перамовах у Кіеве бакам наўрад ці ўдасца дамовіцца. Праз страты данецкага вугалю і зніжэнне паставак расейскага газу Украіна мае вострую патрэбу ў беларускіх нафтапрадуктах, але купляць іх па ранейшай цане проста не ў стане. Парашэнка будзе прасіць аб зніжэнні кошту беларускага бензіну і дызеля ў абмен на палітычнае лабіраванне Лукашэнкі ў Еўропе.
Аднак экспарт нафтапрадуктаў з'яўляецца асноўнай даходнай часткай беларускага бюджэту, а ва ўмовах краху беларускай фінансавай піраміды Лукашэнку самому востра неабходныя «жывыя» грошы», - заявіў Зміцер Бандарэнка.
Нагадаем, 19 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Пётр Парашэнка папрасіў яго аб сустрэчы. Прэзідэнт Украіны пацвердзіў інфармацыю пра візіт беларускага дыктатара ў Кіеў і адзначыў, што лічыць яго «своечасовым, важным і сімвалічным».