Нямцоў: Лукашэнка выкарыстоўвае Парашэнку, каб аднавіць кантакты з ЕЗ і ЗША
12- 22.12.2014, 12:09
- 25,190
Беларускі дыктатар хоча, каб з яго знялі санкцыі.
Аляксандр Лукашэнка з дапамогай прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі хоча аднавіць кантакты з ЕЗ і ЗША.
Пра гэта ў эфіры тэлеканала «112 Україна» заявіў расейскі апазіцыянер, дэпутат Яраслаўскага савета Барыс Нямцоў.
«Мэта Лукашэнкі іншая: ён хоча выкарыстоўваць Парашэнку для таго, каб аднавіць кантакты з Еўропай і Амерыкай. Я думаю, што галоўная ягоная мэта - пераканаць Парашэнку стаць лабістам Лукашэнкі на Захадзе і дапамагаць яму», - мяркуе палітык і дадаў: «Зразумела, што Лукашэнка - ізгой, дыктатар, хоць не апошні, але перадапошні, услед за Пуціным». «У Лукашэнкі вельмі простая мэта: ён будзе казаць правільныя словы наконт таго, што ён выступае за суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Ён, дарэчы, пра гэта ўвесь час і казаў, што ён не прызнае анэксію Крыма. Узамен на гэтыя размовы ён хацеў бы, каб Парашэнка зняў санкцыі з яго асабіста, паколькі ён неўязны ў Еўропу, і зняў санкцыі з ягоных сябрукоў, якія вінаватыя ў рэпрэсіях палітвязняў, у заціску журналістаў і т. д. і т. п.», - мяркуе Нямцоў.
У той жа час, з ягоных слоў, перад Парашэнкам ўзнікае складаная задача. «Для Парашэнкі гэта складаная задача, таму што абараняць дыктатара і выступаць ягоным лабістам на Захадзе - гэта гісторыя няпростая», - падсумаваў расейскі апазіцыянер.
Нагадаем, напярэдадні Лукашэнка наведаў Кіеў, дзе правёў сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.