Украіна заплаціла «Газпрому» за пастаўку газу ў студзені
- 31.12.2014, 16:41
- 7,677
«Нафтагаз Украіны» зрабіў папярэднюю аплату расейскаму «Газпрому» за пастаўкі прыроднага газу ў студзені 2015 аб'ёмам 1 млрд кубаметраў.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні «Нафтагаза», паведамляе УНІАН.
«З улікам папярэдняга кошту на расейскі газ на студзень 2015 года аб'ём газу, за які НАК «Нафтагаз Украіны» ўнесла папярэднюю аплату ААТ «Газпром», складае каля 1 млрд кубічных метраў», - гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
Як адзначаюць у «Нафтагазе», гэты аб'ём сфармаваны за кошт папярэдняй аплаты за студзень 2015 года і нявыкарыстанага авансу за снежань 2014 года.
«Аб'ём газу, які будзе набыты за кошт астатку снежаньскай папярэдняй аплаты, разлічваецца паводле новага кошту», - падкрэсліваецца ў паведамленні.
Аплачаныя аб'ёмы газу будуць заказаныя і выкарыстаныя НАК «Нафтагаз Украіны» ў залежнасці ад патрэб украінскіх спажыўцоў.