Да вызвалення Аўтуховіча застаецца менш месяца
9- 14.03.2014, 17:54
- 13,918
8 красавіка заканчваецца турэмны тэрмін палітвязня Мікалая Аўтуховіча.
У лістах ён піша, што яму складана планаваць сваю будучыню, бо ён да канца не можа быць упэўнены, што выйдзе на волю менш, чым праз месяц, што за гэты час не адбудзецца ніякіх правакацый з боку сілавых структур, піша ПЦ "Вясна".
На наступным тыдні Аўтуховіч паедзе на суд, дзе будзе вырашана пытанне аб прэвентыўным наглядзе і яго тэрміне. На час дзеяння нагляду ён будзе вымушаны знаходзіцца ў Ваўкавыску пад кантролем міліцыі.
Што тычыцца здароўя, то Мікалай абнадзейвае, што адчувае сябе добра і бадзёра.
У апошні час яму несвоечасова даходзіць прэса - «Народную волю» за мінулы тыдзень не атрымаў ніводнага нумара. Палітвязень паведаміў таксама, што ў камеры ёсць тэлевізар, але час ад часу ў Гродзенскай турме з-за эканоміі адключаюць электрычнасць, тады не тое, што не паглядзіш тэлевізар, нават чай не заварыш.
У лістах Мікалай Аўтуховіч піша, што сочыць за падзеямі ва Украіне. На яго думку, падзеі ў суседняй краіне могуць стаць моцным штуршком да пераменаў і ў Беларусі, і ў Расеі.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕЗ, аднак 8 лютага 2009 года яго зноў затрымалі і ў 2010 годзе асудзілі нібыта за захоўванне боепрыпасаў (пяць патронаў). Яго здароўе тады было сур'ёзна падарванае серыяй працяглых галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі.
Мікалай Аўтуховіч прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 295 частка 3 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Дадаткова палітычнага вязня асудзілі яшчэ на 2 месяцы зняволення, матываваўшы гэта тым, што нібыта новае злачынства ён здзейсніў, не адбыўшы 2 месяцы папярэдняга пакарання. Такім чынам, цяпер ён прысуджаны да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.