Аўтуховічу рыхтуюць прэвентыўны нагляд ці чарговы тэрмін?
8- 7.03.2014, 17:37
- 13,478
8 красавіка сканчаецца тэрмін турэмнага зняволення Мікалая Аўтуховіча. Застаўся месяц да свабоды.
Аднак паплечнікі палітвязня атрымалі неафіцыйную інфармацыю, што апошні месяц турэмнага зняволення можа апынуцца для Мікалая Аўтуховіча адным з самых цяжкіх, піша «Белорусский партизан».
Паплечнікі асцерагаюцца ўзмацнення правакацый у адносінах да Мікалая Аўтуховіча, якія могуць прывесці да ўстанаўлення прэвентыўнага нагляду над палітвязнем на год. Два-тры парушэнні - і Мікалай Аўтуховіч зноў можа трапіць у турму.
Або нават не выйсці з Гродзенскай турмы №1 на волю - атрымаць дадатковы тэрмін, пасля якога яго могуць перавесці ў іншую, больш мяккую, папраўчую ўстанову.
Пасля публікацыі ў «Народной воле» артыкула «Ліст з пекла» правакацыі з боку адміністрацыі турмы супраць Мікалая Аўтуховіча толькі ўзмацніліся. Паплечнікі «афганца» не разумеюць, чаму адміністрацыя турмы цэлы месяц не выдавала Аўтуховічу яго медыкаменты. І калі б не шум у інтэрнэце з гэтай нагоды, то невядома, калі турэмныя наглядчыкі выдалі б гэтую медыцынскую бандэроль, вельмі неабходную пры яго стане здароўя, і ці выдалі б наогул. За што помсцяць?
Як паведаміў сустаршыня аргкамітэта «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі, у камеру да Аўтуховіча падсадзілі чалавека, які ўвесь час яго правакуе. Мікалай шмат разоў казаў адміністрацыі, каб іх рассялілі каб пазбегнуць надзвычайных здарэнняў, і нават згодны быў сядзець у адзіночнай камеры або ШЫЗА. Але супрацоўнікі адміністрацыі і чуць пра гэта не хацелі. Адказвалі, што акрамя як з гэтым чалавекам, больш няма з кім пасадзіць.
Калі Мікалай Аўтуховіч у чарговы раз злавіў сукамерніка на крадзяжы, менавіта Мікалая маментальна кінулі ў ШЫЗА.
«Мы зараз звяртаемся ў Генеральную пракуратуру, каб яны правялі праверку па гэтых фактах. Няхай ведаюць і адкажуць нам, чаму адміністрацыя не рэагавала на законныя патрабаванні Аўтуховіча і не падала яму адзіночную камеру. Чаму на працягу ўсяго тэрміну адбыцця пакарання ў гэтай турме Мікалаю Аўтуховічу адмаўлялі ў яго законным праве рабіць тэлефонныя званкі? Мы мяркуем, што такім чынам Аўтуховічу помсцяць за яго пытанні Лукашэнку. Пасля агучаных у СМІ фактаў парушэння закона ў турме, яго ніхто не апытваў як заяўніка. А значыць, ніхто не праводзіў праверак па ўказаных фактах. І нічога ў турме не змянілася. Як кармілі асуджаных турэмнага рэжыму па нормах харчавання падследных асоб, так і кормяць. Як не было мяса ў кашы, так яго і няма. Адзінае змяненне - гэта тое, што ў краме турмы з'явіліся яблыкі, цыбуля і часнык», - кажа Аляксандр Камароўскі.
Паплечнікі практычна на 100% упэўненыя, што Мікалая Аўтуховіча чакае чарговы судовы працэс - па ўстанаўленні над ім прэвентыўнага нагляду.
«Усё стала на свае месцы! Не проста так на Аўтуховіча па надуманых прычынах накладвалі спагнанні. Яго штучна рабілі злосным парушальнікам, хоць, як падкрэсліваў Мікалай, ён ні разу не даваў для гэтага падставы. А колькасць спагнанняў, хутчэй за ўсё, будзе ўплываць на тэрмін нагляду.
Аўтуховіч, адседзеўшы за кратамі з 2005 года, па вызваленні з турмы зноў будзе абмежаваны ў свабодзе, абмежаваны ў сваіх дзеяннях. Пытанне - за што? Хоць правільней будзе спытаць - для чаго над ім устанаўліваць нагляд? Адказ толькі адзін - каб лягчэй было зноў пасадзіць яго за краты. Бо ён ведае, як даказаць сваю невінаватасць.
Вядома, што і цяпер вакол Мікалая не ўсё спакойна. Ужо з восені ён трымае маўчанне і не хоча падымаць шум вакол свайго прозвішча. І калі мы будзем замоўчваць, то не выключана, што з ім рэальна можа нешта здарыцца. Усё роўна, рана ці позна, людзі даведаюцца, што перажываюць сёння многія палітычныя вязні і пра што пакуль не хочуць казаць», - падкрэсліў Аляксандр Камароўскі.
Ветэран афганскай вайны Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны ў траўні 2010 года на пяць гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.
Адбывае тэрмін у Гродзенскай турме №1. 3 верасня 2013 года Мікалай Аўтуховіч у гродзенскай турме №1 ускрыў жывот у знак пратэсту супраць дзеянняў турэмнай адміністрацыі, якая спрабуе зрабіць з яго злоснага парушальніка. У верасні як раз мінаў дзеянне дысцыплінарнага спагнання.
Пасля гэтага НЗ Аўтуховіч апублікаваў у «Народной воле» артыкул «Ліст з пекла», у якім апісаў усе парушэнні з боку адміністрацыі. Зняволеныя не могуць абскардзіць дзеянні кіраўніцтва турмы, паколькі скаргі не выходзяць за межы турмы. Хто настойліва дамагаецца справядлівасці - тых «хаваюць» у ШЫЗА.