Forbes: Як санкцыі ЗША супраць РФ прывядуць да падзення рэжыму Пуціна
39- 30.04.2014, 10:21
- 52,024
Рэжым «лютага» Пуціна можа разбурыць кучка эканамістаў.
У аналітычным артыкуле Грэга Сатэла пад назвай «Як санкцыі ЗША супраць Расеі прывядуць да падзення рэжыму Пуціна» на сайце Forbes.com (пераклад - УНІАН) гаворыцца пра тое, як у рэчаіснасці санкцыі ЗША ўплываюць на Расею.
Міністэрства фінансаў ЗША абвясціла аб увядзенні новых санкцый супраць сямі расейскіх чыноўнікаў і 17 расейскіх кампаній, уключаючы Ігара Сечына, кіраўніка самай буйной нафтавай кампаніі Расеі «Раснафта», некалькі фінансавых арганізацый і фірмаў, звязаных з энергетычным сектарам. Санкцыі ўключаюць у сябе замарожванне актываў, забарону на выдачу віз і далейшыя гандлёвыя абмежаванні.
Рэакцыяй на першы шэраг санкцый супраць Расеі былі насмешкі з боку расейскіх уладаў і крытыка дзеянняў адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта. Як маглі паўплываць абмежаванні ў выдачы віз і замарожванне актываў на самых заўзятых прыхільнікаў Пуціна? Якія наступствы могуць мець такія санкцыі для тых, хто нячаста ездзіць на Захад і не мае рахункаў у замежных банках?
Падобныя аргументы прыводзяць тыя, хто да канца не разумее мэтаў і магчымых наступстваў, якія будуць мець такія санкцыі. На самой справе яны з'яўляюцца інструментам фінансавай вайны, які Міністэрства фінансаў адточвае з 11 верасня, і абапіраюцца на новае заканадаўства, напрыклад, на артыкул 311 Закона аб барацьбе з тэрарызмам у ЗША і правілы банкаўскіх аперацый «ведай свайго кліента».
Першапачаткова гэтыя правілы ствараліся для таго, каб закрыць тэрарыстам доступ да міжнароднай банкаўскай сістэмы. Хуан Заратэ, адзін са стваральнікаў гэтых новых тэхналогій, тлумачыць у сваёй кнізе «Вайна Міністэрства фінансаў»:
Мэта была не ў тым, каб замарозіць рахункі ў амерыканскіх банках - хоць гэта быў вялікі плюс, а ў тым, каб ускладніць доступ да фармальнай банкаўскай сістэмы тым, хто фінансаваў тэрарыстаў. Мы сканцэнтравалі сваю ўвагу на арганізацыях і прыватных асобах, якія фінансавалі прадпрыемствы тэрарыстаў.
Неўзабаве новыя тэхналогіі пачалі вельмі ўдала выкарыстоўваць супраць асобных дзяржаў, такіх як Паўночная Карэя і Іран. А калі ЗША каардынавалі свае дзеянні з саюзнікамі, гэтыя тэхналогіі мелі яшчэ большы эфект.
Гэта не значыць, зрэшты, што санкцыі спыняць Пуціна, але вынікам яго дзеянняў стануць кошты, якія пастаянна растуць, што падарве яго і без таго аслаблены рэжым.
Каб зразумець, як працуюць санкцыі, давайце разгледзім выпадак Уладзіміра Якуніна, блізкага сябра Уладзіміра Пуціна, прэзідэнта ААТ «Расейскія чыгункі». У інтэрв'ю газеце Financial Times ён сказаў: «Я не збіраюся падарожнічаць у Злучаныя Штаты. У мяне няма рахункаў. Так што санкцыі мне абсалютна не перашкаджаюць». Нават калі выказаць здагадку, што ён сказаў праўду пра рахункі (што выклікае сумневы), санкцыі ўсё роўна будуць мець вельмі негатыўныя наступствы для яго.
Хоць замарожванне рахункаў і забарона на выдачу візы ствараюць пэўныя нязручнасці - дзеці Якуніна жывуць за мяжой, але галоўная сіла санкцый у тым, што яны служаць свайго роду пазнакай. Можна назваць іх фінансавым эквівалентам праказы, якая адбівае жаданне ў фінансавых устаноў весці якія-небудзь справы з «пазначаным» суб'ектам.
Многія не ўсведамляюць да канца, наколькі ўсюдыісная фінансавая сістэма ЗША. Калі, напрыклад, с-р Якунін захацеў бы набыць домік для адпачынку ў Дубаі, яму трэба было б заплаціць за яго нейкім чынам. Для таго каб перавесці грошы, яму трэба будзе скарыстацца паслугамі банка, і тут ён сутыкнецца з цяжкасцямі. Кожнай фінансавай установе неабходна мець сувязь з банкам-карэспандэнтам у ЗША для таго, каб весці бізнес.
Штраф за супрацоўніцтва з суб'ектамі, «пазначанымі» Міністэрствам фінансаў ЗША, можа быць велізарным. Напрыклад, банк HSBC быў аштрафаваны на 1,9 млрд. дал. Таму, калі банк хоча працягваць весці бізнес у Злучаных Штатах, ён падпарадкоўваецца. Калі вы трапляеце ў спіс Мінфіна, вас проста выключаюць з міжнароднай фінансавай сістэмы.
Санкцыі прымяняюцца не толькі да такіх асобаў, як Якунін, але і да кампаній, якія яны кантралююць. У яго выпадку банк «Расея» таксама трапіў у спіс. Зараз гэты банк не можа весці бізнес з любым іншым банкам, які праводзіць аперацыі ў далярах. Ён не можа супрацоўнічаць з любой арганізацыяй, якая вядзе бізнес у ЗША. Вось чаму Visa і MasterCard перасталі праводзіць плацяжы ў Расеі.
Новыя санкцыі завязалі вузел яшчэ тужэй, паколькі яны накіраваныя ў большай ступені на кампаніі, якія працуюць у фінансавай сферы і сферы энергетыкі. Гэта значыць, што ў іх будзе нашмат менш магчымасцяў весці міжнародны бізнес. Санкцыі Еўразвяза прывядуць да яшчэ больш негатыўных наступстваў.
І гэта яшчэ не ўсё. Так як санкцыі ўводзяцца паступова, ніхто не ведае дакладна, хто апынецца наступным у спісе. Таму ізаляцыя расейскай эканомікі такім шляхам больш эфектыўная, чым ізаляцыя шляхам прымянення традыцыйных санкцый. Такія санкцыі накіраваныя не на пэўную дзейнасць, а на самі фінансавыя сувязі.
У Расеі ўжо адчулі наступствы. Расейскія карпарацыі не могуць пралангіраваць свае крэдыты, яны былі вымушаныя адмяніць першасныя публічныя размяшчэнні. З пачатку крызісу ўраду Расеі прыйшлося адмяніць амаль усе аўкцыёны аблігацый. Адток капіталу стварае дадатковы ціск на рубель і павялічвае інфляцыю. У той жа час, колькасць інвестыцый у краіну значна зменшылася, даходы ўпалі.
Улічваючы сур'ёзнасць пагроз для эканомікі Расеі, міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's апусціла крэдытны рэйтынг краіны амаль да самага нізкага ўзроўню, што прывядзе да далейшага адтоку капіталу. І гэта толькі пачатак крызісу. Сітуацыя ў Расеі будзе і далей пагаршацца з-за палітыкі Пуціна.
Хоць патрыятычны запал расейцаў і павялічыў рэйтынгі Уладзіміра Пуціна з пачатку ўкраінскага крызісу, наўрад ці яго хопіць надоўга. Набліжаюцца травеньскія святы, і шматлікім расейцам давядзецца памяняць свае планы на паездкі ў іншыя краіны. Некаторыя ўбачаць, што іх крэдытныя карткі не працуюць. Паездкі за мяжу перастануць быць такімі прывабнымі, калі з-за ўсіх цяжкасцяў стане складана атрымліваць асалоду ад адпачынку.
Калі расейцы вернуцца дадому, яны зразумеюць, што ўсё становіцца толькі горш. У гэтым квартале чакаецца рэцэсія расейскай эканомікі, чаму палітыка Пуціна будзе толькі спрыяць. Неўзабаве колькасць імпартных тавараў моцна паменшыцца, а сацыяльныя выплаты прыйдзецца зрэзаць. Расейцы пачнуць успамінаць савецкія часы.
На працягу некалькіх наступных гадоў зніжэнне экспарту газу ў Еўропу, змены на нафтавым рынку могуць абыйсціся Расеі ў 100 млрд. дал штогод, што складае 5% ВУП. Пуцін абяцаў стварыць новую моцную Расею, якую будуць паважаць у свеце. Цяпер ён робіць з яе краіну-ізгоя.
Што самае важнае, цяжка сабе ўявіць, як Пуцін можа перамагчы. Украіна - вялікая краіна, для яе акупацыі спатрэбяцца войскі, колькасцю ў сотні тысяч салдат. Гэтага Расея не можа сабе дазволіць ні ў плане ваенным, ні ў плане фінансавым. Пуцін можа працягваць пагражаць уварваннем, пакуль санкцыі ЗША руйнуюць эканоміку Расеі, але больш нічога.
Агрэсіўнае, аўтарытарнае кіраванне патрабуе шмат грошай. Неабходнае велізарнае фінансаванне ваеннай сферы, добра развітая служба выведкі, шмат грошай, выдаткаваных на подкуп чыноўнікаў і добрыя фінансавыя выплаты народу, каб захаваць яго падтрымку.
Уладзімір Пуцін - агент КДБ да мозгу касцей, а як нядаўна адзначыў Дэвід Пол у сваім артыкуле ў газеце Huffington Post, з 70-х гадоў КДБ увесь час прайграе. Ён паўтарае тыя ж грубыя памылкі, якія яго папярэднікі дапускалі ў Афганістане.
Як гэта ні дзіўна, але рэжым «паляўнічага на тыграў» Пуціна можа разбурыць купка бухгалтараў.