Заўтра - суд аб падаўжэнні нагляду над Змітром Дашкевічам
7- 4.06.2014, 17:54
- 8,847
Суд Першамайскага раёна разгледзіць магчымасць спынення прэвентыўнага нагляду над сустаршынёй «Маладога фронту».
Пра гэта былому палітвязню паведаміў інспектар міліцыі Першамайскага раёна Менска.
«Заўтра будзе суд па прэвентыўным наглядзе, і інспектар сказаў, што падрыхтаваныя дакументы на яго спыненне», - распавёў Дашкевіч сайту charter97.org.
Тэрмін дзеяння нагляду заканчваўся апоўначы 27 траўня, але 29 траўня міліцыя прыйшла да актывіста з візітам.
«Да мяне прыходзілі міліцыянты, я быў у гэты час на працы. І яны сказалі, што ў іх ёсць інфармацыя, што наглядам падоўжаць. Што ў іх такое адбываецца і чаму ўсё так хутка мяняецца, сказаць складана. Можа, спачатку ў іх была ўстаноўка нагляд падоўжыць, а потым яны там вырашылі, што лепш нам ад гэтага «неадэквата» пазбавіцца», - жартуе ён.
28 жніўня 2013 года палітвязень Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю з гродзенскай турмы №1 пасля амаль трохгадовага зняволення за нібыта «асабліва злоснае хуліганства». Прэвентыўны нагляд за ім быў замацаваны на 6 месяцаў, пасля чаго тэрмін падоўжылі яшчэ на тры.
Увесь гэты час Дашкевіч абавязкова павінен быў знаходзіцца па месцы жыхарства ў перыяд з 20 вечара да 6-й раніцы. У любы дзень ці ноч да яго маглі прыйсці з праверкай.
Нагадаем, нядаўна палітык правёў 25 сутак на Акрэсціна. Ён быў адным з актывістаў, кінутых за краты на час ЧС па хакеі ў Менску.