Суд забараніў менчукам абмяркоўваць якасць вады
33- 10.07.2014, 14:37
- 24,406
Менскі гарадскі суд разгледзеў скаргі жыхароў на пастанову суда Маскоўскага раёна аб адмове ў правядзенні грамадскіх слуханняў.
Жыхары сталіцы хацелі правесці іх праз моцнае хлараванне пітной вады ў горадзе. Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Пасяджэнне доўжылася блізу дзесяці хвілін. Без асаблівага вывучэння праблемы і разглядаў была прынятая пастанова аб адмове ў задавальненні скаргі менчукоў.
«Мы будзем падаваць скаргу ў Вярхоўны суд, бо мы ўпэўненыя ў тым, што жыхары Менска маюць права патрабаваць ад чыноўнікаў адказу за бяздзейнасць ды некампетэнтнасць і за брудную ваду, якая цячэ ў менскіх кватэрах. Нягледзячы на тое, што ўлады мерацца далей труціць менчукоў хлараванай вадой», - адзначыў каардынатар кампаніі «За чыстую ваду» Дзяніс Садоўскі.
Нагадаем, ініцыятыва «Наша Кунцаўшчына» пры падтрымцы аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» падала скаргу ў вышэйшую інстанцыю - Менскі гарадскі суд - на вырак суда Маскоўскага раёна аб адмове ў правядзенні шырокіх грамадскіх слуханняў аб праблеме дрэннай якасці водаправоднай вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы. Бліжэйшым часам адбудзецца пасяджэнне суда, дата і месца якога будзе вызначана па ўзгадненні старон. Падчас пасяджэння актывісты будуць бараніць патрабаванні жыхароў на публічныя грамадскія слуханні.