У палітвязня Пракапенкі праблемы са здароўем
8- 16.07.2014, 9:18
- 8,506
Арцём Пракапенка сустрэўся ў калоніі з бацькамі.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў ягоны бацька Анатоль Пракапенка.
«Учора мы вярнуліся з кароткатэрміновага спаткання з сынам. Выявілася, што яго зноў зрабілі «злосным парушальнікам», і таму яму належыць толькі адзін дзень спаткання. У верасні ў яго павінен быў скончыцца тэрмін спагнання, але начальства Магілёўскай калоніі № 15 мэтанакіравана робіць яго «злоснікам». Мы прывезлі яму 35-кілаграмовую перадачу, але калі б у яго не было гэтага статусу, то можна было б перадаць яшчэ 30 кілаграм ежы. Наступнае спатканне належыць толькі праз паўгода», - адзначыў ён.
Бацька палітвязняў падкрэсліў, што акрамя гэтага ў сына пачаліся праблемы са здароўем.
«Арцём схуднеў, у яго праблемы з зубамі і ён пашкодзіў руку, але не кажа, якім чынам. Сын таксама распавядаў, што буфет у калоніі першай коштавай катэгорыі, гэта значыць кошты там, як у рэстарацыя. А куплі яму як «злосніку» дазволена толькі на 300 тысяч, а не на 700 тысяч, як усім астатнім», - дадаў Анатоль Пракапенка.
Нагадаем, Арцём Пракапенка быў асуджаны разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамолатавым на сем гадоў зняволення паводле абвінавачання ў спробе падпалу дзвярэй Бабруйскага аддзялення КДБ. У верасні 2012 года Сырамалотаў выйшаў на волю, напісаўшы прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Пракапенка і Васьковіч адмаўляюцца гэта рабіць.