64 арганізацыі патрабуюць вызвалення праваабаронцаў у Азербайджане
1- 7.08.2014, 9:34
- 6,523
Праваабаронцы з розных краін напісалі Ільхаму Аліеву.
64 няўрадавыя арганізацыі з сеткі Дамоў правоў чалавека заклікалі азербайджанскія ўлады да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Лэйлы Юнус, Арыф Юнуса і Расула Джафарова, зняцця ўсіх абвінавачванняў супраць іх. Акрамя таго, НПА паўтарылі свой ранейшы заклік вызваліць Анара Мамедлі, Башыра Сулейманлы і далучаюцца да закліку аб вызваленні Хасана Хусэйнлі, паведамляе сайт ПЦ "Вясна".
Зварот падпісалі і арганізацыі, якія ўваходзяць у Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага (Вільня): Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, цэнтр "Супольнасць" і закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна".
У звароце сярод іншага адзначаецца, што названыя палітвязні фактычна пазбаўленыя свайго права на працу ў абарону правоў чалавека. "У той час як рэгістрацыя НДА і грантаў для НДА стала абавязковай у Азербайджане, улады далей адмаўляюць у рэгістрацыі. Незалежныя НПА сутыкаюцца з бесперапыннымі расследаваннямі, праваабаронцам забараняюць выязджаць за мяжу, у залежнасці ад іх жадання ці нежадання ісці на кампраміс з уладамі, у тым ліку што тычыцца іх прафесійнай дзейнасці і публічных заяў ", - гаворыцца ў дакуменце.
Аўтары звароту крытыкуюць абмежаванні ў законах, якія тычацца права на свабоду аб'яднанняў. "Такое заканадаўства дэ-факта прадугледжвае крымінальную адказнасць праваабаронцаў у Азербайджане не за няправільную дзейнасць, а, хутчэй, за самую працу ў НПА, якія не ўхваленыя ўладамі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў экспэрты Арганізацыі Аб'яднаных Нацый заявілі, што з 2011 года яны "назіралі трывожныя тэндэнцыі ў заканадаўстве, якое значна звузіла прастору для дзейнасці грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у Азербайджане". Загад Дому правоў чалавека ў Азербайджане спыніць усялякую дзейнасць, выдадзены ў сакавіку 2011 года, з'яўляецца следствам гэтай палітыкі", - гаворыцца ў лісце.
Няўрадавыя грамадскія арганізацыі таксама заклікаюць улады Азербайджана прыняць адпаведныя меры для таго, каб пакласці канец нападам, затрыманню і пераследам праваабаронцаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў, а таксама спрыяць стварэнню бяспечнага асяроддзя для іх у адпаведнасці з узятымі Азербайджанам міжнароднымі абавязаннямі, асабліва ў якасці старшыні Камітэта міністраў рады Еўропы.