15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждэп ЗША: Наяўнасць палітвязняў - перашкода для стасункаў з Беларуссю

10
Дзярждэп ЗША: Наяўнасць палітвязняў - перашкода для стасункаў з Беларуссю

ЗША патрабуюць вызвалення ўсіх палітычных вязняў Беларусі.

Пра гэта заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Мелія 10 верасня журналістам у Менску, піша БелаПАН.

Паводле ягоных слоў, пытанне пра палітвязняў узнімалася падчас сустрэчы міжміністэрскай урадавай дэлегацыі ЗША ў МЗС Беларусі, якая адбылася 9 верасня. Яно па-ранейшаму застаецца перашкодай на шляху супрацоўніцтва паміж Вашынгтонам і Менскам.

Томас Мелія падкрэсліў, што пазіцыя Злучаных Штатаў застаецца нязменнай. "ЗША заўсёды заклікалі да вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, - сказаў ён. - У нас таксама адбылася сустрэча са сваякамі палітвязняў, на якой я запэўніў іх, што гэтае пытанне застаецца для нас важным".

Адказваючы на пытанне, што наконт гэтага сказалі прадстаўнікі беларускага МЗС, Мелія адзначыў: "Іх пазіцыя цягам некалькіх гадоў не мяняецца. Яны прадаўжаюць называць іх "так званымі палітвязнямі". І ўчорашняя заява МЗС [аб выніках сустрэчы] адлюстроўвае тыя разыходжанні, якія ёсць у нас у гэтым пытанні".

Нагадаем, у паведамленні МЗС аб выніках сустрэчы не згадвалася аб тым, што яе ўдзельнікі абмяркоўвалі пытанне пра палітвязняў у Беларусі. З міжміністэрскай дэлегацыяй ЗША, якая знаходзіцца ў Менску з 8 да 11 верасня, сустрэўся намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў.

У сустрэчы ўдзельнічалі памочнік адміністратара Агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці Пэйдж Александэр, намеснік памочніка міністра абароны ЗША Эвелін Фаркас, намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Томас Мелія, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, супрацоўнікі Дзярждэпартамента, рэгіянальнага аддзялення Агенцтва ЗША ў міжнародным развіцці і амбасады ЗША ў Менску.

9 верасня з амерыканскай дэлегацыяй таксама сустрэліся прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны. Паводле яе вынікаў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што міжміністэрская дэлегацыя ЗША маніторыць сітуацыю ў Беларусі, але "дамовіцца ўладам з амерыканцамі будзе складаней, чым з еўрапейцамі".

Праграмай візіту міжміністэрскай дэлегацыі ЗША былі запланаваныя таксама сустрэчы ў беларускіх міністэрствах абароны, эканомікі і адукацыі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках