Жанна Літвіна: Улада распачала новую кампанію супраць незалежных журналістаў
2- 24.09.2014, 16:26
- 11,766
Прынятая палітычная пастанова пра новы віток рэпрэсій супраць незалежных СМІ.
Старшыня "Беларускай асацыяцыі журналістаў" Жанна Літвіна патлумачыла charter97.org, у чым корань усіх праблем беларускіх незалежных журналістаў, адкуль узялася новая хваля пераследаў прадстаўнікоў СМІ з боку ўладаў і якім чынам можна паўплываць на сітуацыю з дапамогай міжнароднай супольнасці.
- Колькасць выпадкаў судовых разглядаў у дачыненні да незалежных журналістаў з кожным месяцам расце. З чым вы звязваеце такую павышаную актыўнасць уладаў менавіта цяпер?
- Я б усю сённяшнюю сітуацыю разглядала ў кантэксце сістэмнай і паслядоўнай палітыкі, якая праводзіцца ў дачыненні як да СМІ, так і да асобных журналістаў, матэрыялы якіх немагчыма цэнзураваць, кантраляваць і накіроўваць. Больш за ўсё мы занепакоеныя сітуацыяй, якая склалася з красавіка гэтага года. Тады ў дачыненні да журналістаў нашы ўлады пачалі выкарыстоўваць артыкул 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса, а гэта «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Уся абсурднасць сітуацыі складаецца як раз у гэтым факце. З аднаго боку, людзі прыцягваюцца да адказнасці за працу без акрэдытацыі, а па сутнасці, судзяць іх паводле закона аб незаконнай прадукцыі матэрыялаў СМІ. Гэты артыкул, на які спасылаюцца як супрацоўнікі сілавых структур, так і прадстаўнікі судовай сістэмы, не прадугледжвае адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі. Гэта значыць, па сутнасці, паміж працай без акрэдытацыі і незаконным вырабам і распаўсюджваннем прадукцыі СМІ ставіцца знак роўнасці. Але ж журналіст не займаецца вырабам прадукцыі! Ён толькі рыхтуе матэрыял. У такіх выпадках да адказнасці неабходна прыцягваць рэдакцыю, а не асобнага журналіста.
- Хто з журналістаў трапіў пад гэтую новую хвалю пераследу?
- Паводле новага артыкула праходзілі і Алесь Дзянісаў за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат», і Алесь Залеўскі, які наогул з'яўляецца штатным супрацоўнікам польскага тэлебачання, і Андрэй Мялешка. Гэтыя тры выпадкі былі звязаныя са штрафамі - кожнага аштрафавалі на 4.5 мільёна рублёў. Паралельна былі папярэджанні, якія выносіліся і Юрыю Дзяшуку, і Яўгену Скрабцу. Гомельская абласная пракуратура вынесла папярэджанне Юліі Сівец і Мікалаю Бянько.
Але самы недарэчны выпадак, вядома, звязаны з гісторыяй Марыны Малчанавай. Учора ў Бабруйску адбылося чарговае судовае разбіральніцтва паводле яе справы, і ўражваюць тыя дэталі, якія ўсплылі падчас судовага паседжання. Высветлілася, што ў судовай справе Марына Малчанава знайшла дакументы, якія тычыліся суда над журналістам Алесем Залеўскім з паметкай «Для суддзі». Гэта ўсё тыя факты, якія пацвярджаюць сістэмнасць дзеянняў уладаў.
- Ці не звязаны пераслед журналістаў «Белсата» са справай супраць самога тэлеканала аб неправамернасці выкарыстання гандлёвага знака?
- Так, я разглядаю гэта ў адным ланцугу са справай «Белсата». Судовая калегія ў пачатку верасня прыняла пстанову аб неправамернасці выкарыстання ў нашай краіне таварнага знака «Белсат». Гэта даволі складаная гісторыя. Зноў жа, учора на судзе Марыны Малчанавай высветлілася, што падпалкоўнік міліцыі Радзько ўводзіў маніторынг інтэрнэт-выданняў з мэтай выяўлення выказванняў грамадзян супраць супрацоўнікаў міліцыі. І раптам ён трапляе ў матэрыял Марыны Малчанавай пра дабрачынны рух на тэлеканале «Белсат». Гэтыя дзіўныя выпадкі толькі даказваюць тое, што ўсё гэта з'яўляецца мэтанакіраваным пераследам незалежных журналістаў.
- Дарэчы, мабыць, пад гэтую «кампанію» ўладаў трапіў і наш сайт...
- Абсалютна зразумела, што "Хартыя-97" на сённяшні дзень - гэта тое СМІ, якое нельга кантраляваць, ім нельга кіраваць і яго нельга цэнзураваць. І таму, магчыма, блакаванне вашага сайта ў Беларусі было адным з пробных крокаў на той выпадак, калі спатрэбіцца больш жорстка абмежаваць доступ да інфармацыі.
- Ці не падаецца вам дзіўным, што сітуацыя стала абвастрацца паралельна з дыялогам паміж Захадам і ўладамі? Напрыклад, менавіта падчас візіту прадстаўніка АБСЕ ў пытаннях свабоды слова Дуні Міятавіч у Менск адбылося чарговае затрыманне журналіста з адабраннем тэхнікі.
- На самой справе, тут адсутнасць усякай логікі. З аднаго боку, падчас візіту ёй адкрываюцца дзверы ў кабінеты міністра замежных спраў, міністра інфармацыі, і паралельна менавіта ў той дзень, як гэта было адзначана ў пратаколах, прайшоў «агляд памяшканняў» і ў журналіста Аляксандра Буракова ў Магілёве, дзе былі канфіскаваныя кампутары, сістэмныя блокі, флэшкі. Гэта значыць, з аднаго боку нам бы вельмі хацелася, каб наш імідж краіны ўспрымаўся вельмі станоўча, а паралельна ўнутры краіны так не ў час адбываюцца такія «цуды».
- Ці ёсць у новай кампаніі ўладаў супраць незалежных беларускіх журналістаў нейкае лагічнае тлумачэнне?
- Лепш за ўсё гэтую хвалю нагнятання абстаноўкі можна было б звязаць з набліжэннем чарговай прэзідэнцкай кампаніі. Аднак я схіляюся да простага тлумачэння: проста на нейкім узроўні была прынятая палітычная пастанова. А ўвогуле, калі да гэтай праблемы падыходзіць глабальна, яна заключаецца ў нашым заканадаўстве. На працягу некалькіх апошніх гадоў БАЖ увесь час дамагаецца перагляду хоць бы той нормы закона аб СМІ, якая вызначае фармулёўку паняцця «журналіст» у Беларусі. У нас няма паняцця «журналіст», але прапісанае паняцце «журналіст СМІ». Адсюль усе нашы праблемы і ўсе канфліктныя сітуацыі. Гэта значыць, «журналіст СМІ» - гэта чалавек, які звязаны з канкрэтнай рэдакцыяй нейкімі працоўнымі дамоўленасцямі, гэта значыць, гэта штатны супрацоўнік. Такім чынам, выпадае цэлы шэраг людзей, якія не працуюць у штаце, хоць могуць і з'яўляцца журналістамі паводле адукацыі, і займацца журналісцкай практыкай. Аднак згодна з нашым законам аб СМІ, гэтыя людзі знаходзяцца па-за законам.
- Ці пад сілу беларускім праваабаронцам і прадстаўнікам НДА паўплываць на сітуацыю з законам аб СМІ знутры краіны?
- Былі звароты ў гэтым пытанні пасля абрання новага складу Нацыянальнага сходу і звароты і ў нашу профільную камісію ў правах чалавека, рэлігійных дачыненнях і СМІ. Але пасля кансультацый членаў камісіі з міністэрствам інфармацыі мы атрымалі адказ, што перагляд і нават абмеркаванне недасканалых артыкулаў закона ў нашай краіне проста немэтазгодна. Але паводле логікі, вядома ж, усе гэтыя змены ў законы павінен уносіць менавіта наш Нацыянальны сход.
- Як міжнародная супольнасць можа паўплываць на змяненне беларускага закона аб СМІ?
- Я была б толькі радая, калі б падчас перамоваў з прадстаўнікамі еўрапейскіх інстытутаў увесь час уздымалася вось гэтае пытанне. Патрэбнае змяненне ў закон і заканчэнне пераследу журналістаў за працу без акрэдытацыі. Замест інстытута забароны журналісцкай дзейнасці неабходна ўвядзенне ў краіне інстытута заяўнай формы акрэдытацыі, як ва ўсіх цывілізаваных краінах. На сённяшні дзень гэты закон - гэта эпіцэнтр нашых праблем, і нам вельмі важна, каб да нашага голасу далучыліся галасы еўрапейскіх палітыкаў. Дарэчы, Дуня Міятавіч падчас сваіх сустрэч звяртала ўвагу на гэтую праблему і агучвала неабходнасць адмены інстытута акрэдытацыі ў нашай краіне.
- Як БАЖ плануе рэагаваць на новую хвалю ціску на журналістаў з боку ўладаў?
- Цяпер што да ўсіх гэтых фактах БАЖ рыхтуе зварот, які ўжо бліжэйшымі днямі будзе накіраваны ў Міністэрства ўнутраных спраў, у Генеральную пракуратуру, у Міністэрства замежных спраў. За гэтым ужо зусім відавочная цэлая тэндэнцыя пераследу і мы абавязаны нейкім чынам супрацьстаяць.