Анатоль Лябедзька пра заяву Майры Моры: Мы ўважаем гэта за абразу
14- 26.09.2014, 18:12
- 28,593
Аб'яднаная грамадзянская партыя будзе дамагацца ад Брусэля тлумачэнняў з нагоды выказвання Майры Моры на ОНТ.
Пра гэта старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».
«Па-першае, мы б хацелі атрымаць тлумачэнні ад Брусэля, наколькі гэты заклік з'яўляецца складовай часткай стратэгіі Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі, - сказаў палітык. - Ці гэта прыватнае выказванне Майры Моры, ці гэта ўсё ж пазіцыя, якая ўзгодненая з Брусэлем і з'яўляецца новай стратэгіяй ЕЗ. Таму мы будзем накіроўваць адпаведны запыт, каб зразумець, з чым мы маем справу.
Па-другое, вядома, для дыпламата, для асобы, якая прадстаўляе інтарэсы такой уплывовай, вялікай арганізацыі, такія заявы, як мінімум, палітычна некарэктныя. І, вядома, гэта ўжо выкарыстоўваецца прапагандай як заява ад ЕЗ, звернутая да грамадзян Рэспублікі Беларусь. Прапаганда гэта ўжо выкарыстоўвае і будзе далей выкарыстоўваць. Я думаю, нескладана было б прадказаць чалавеку з такім досведам працы ў Беларусі, што так яно і будзе, і што гэтаму выказванню будзе дадзена канкрэтнае тлумачэнне. То бок, гэта скандал, я ўважаю гэта за недапушчальнае. Для некаторых гэта, можа, і рэверанс перад уладай, але шмат кім гэта ўспрымаецца як абраза. Гэта можа быць так успрынятае і АГП, якая страціла і Віктара Ганчара, і Юрыя Захаранку, і мы гэта звязваем з дзейнай уладай. Я і большасць сябраў партыі будуць уважаць гэта за абразу для нашай палітычнай структуры».
Нагадаем, кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі заклікала падтрымаць дыктатара Лукашэнку. Пра гэта Майра Мора заявіла ў перадачы «Справа прынцыпу» на тэлеканале ОНТ.
«Беларусы, вы мірныя людзі, падтрымлівайце вашага прэзідэнта, каб у суседняй вашай краіне не было вайны больш», - заявіла прадстаўніца Еўразвязу ў Беларусі.
Фраза прагучала падчас абмеркавання сітуацыі ва Украіне і вайны ў Данбасе.