Міхась Янчук: Забарона суда нічога не зменіць у дзейнасці «Белсата»
14- 4.09.2014, 12:16
- 12,967
Прадстаўнік тэлеканала ў Беларусі Міхась Янчук мяркуе, што пастанова Вярхоўнага суда абсалютна недарэчная.
Сёння стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі абавязаў Польскае тэлебачанне спыніць выкарыстанне гандлёвага знака «Белсат» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі, а таксама на старонцы сайта «Белсат» у інтэрнэце.
Пазоў супраць незалежнага беларускамоўнага тэлеканала «Белсат» падаў Андрэй Белякоў, якому належыць фірма «БЕЛСАТплюс», якая займаецца ўстаноўкай сістэм спадарожнікавага тэлебачання. Са слоў Белякова, ягоная кампанія нясе страты праз сугучнасць назвы з каналам «Белсат», піша «Наша Нiва».
Прадстаўнік тэлеканала ў Беларусі Міхась Янчук мяркуе, што пастанова суда абсалютна недарэчнае: «Пасля судовай пастановы, якая вынесена сёння, у дзейнасці канала «Белсат» нічога не зменіцца, паколькі ахова таварных знакаў ажыццяўляецца паводле тэрытарыяльнага прынцыпу.
Спадар Белякоў мае права на ахову свайго таварнага знака выключна на тэрыторыі Беларусі. А на тэрыторыі ўсяго Еўразвязу і ў Польшчы наш таварны знак легальна зарэгістраваны і можа выкарыстоўвацца для ўсіх відаў статутнай дзейнасці, што мы і будзем рабіць далей.
На тэрыторыі Беларусі мы не вядзём ніякай трансляцыі, намаганнямі беларускіх уладаў у нас няма акрэдытаваных карэспандэнтаў і тут «Белсат» не мае ніякай маёмасці і банкаўскіх рахункаў. Мы не прысутнічаем як суб'ект гаспадарання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Калі б беларускі суд быў паслядоўны, гэты працэс наогул не павінен быў бы адбыцца, так як адной са старон з'яўляецца замежны суб'ект гаспадарання, і гэта на тэрыторыі знаходжання «Белсата» Белякоў павінен падаваць пазоў. Ведаючы, што гэта было б немагчыма на тэрыторыі Польшчы, Белякоў падаў пазоў супраць канала на тэрыторыі Беларусі».
Нагадаем, што 27 студзеня 2014 калегія Вярхоўнага суда адхіліла пазоў Белякова, так як ён не падаў доказаў парушэння ягонага выключнага права на гандлёвы знак.
Але праз пяць месяцаў Прэзідыум Вярхоўнага суда пастанавіў накіраваць пазоў Андрэя Белякова супраць тэлеканала «Белсат» на новы разгляд у сувязі з нібыта недасканалым вывучэннем доказаў у справе.