Прадпрымальнікі: З сакавіка пойдзем бамжаваць
183- 11.01.2015, 8:59
- 137,240
Амаль 30 тысяч гомельскіх прадпрымальнікаў могуць спыніць працу.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявілі прадстаўнікі ІП.
Сесія Гомельскага абласнога савета 9 студзеня ў спешным парадку зацвердзіла новыя стаўкі адзінага падатку на розныя тавары і паслугі для прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, павялічыўшы іх прыкладна на 20 адсоткаў. Пры гэтым на пасяджэнне дэпутатаў не пусцілі саміх прадпрымальнікаў.
Дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч са Светлагорска запісаўся на сесію Гомельскага аблсавету за тры дні да яе пачатку. І заснежанай раніцай прыехаў у аблвыканкам, дзе збіраліся дэпутаты, каб агучыць пазіцыю прадпрымальнікаў. Але тут яго чакаў сюрпрыз.
«Падышоў, а пры ўваходзе - міліцыя. У іх ужо - стандартны ліст паперы з маімі фатаграфіямі, тыпу «іх вышуквае міліцыя». Пытаюся: у чым справа - мяне ж запрасілі? Яны адказваюць: «Не, чакайце, будзем разбірацца». Але разбірацца пачалі чамусьці супрацоўнікі аблвыканкама. Кажу, што я не прыйшоў на нараду ў аблвыканкам - я прыйшоў у абласны савет. Растлумачыў, што размаўляць з імі не буду, а буду чакаць адказу ад прадстаўнікоў аблсавету - станоўчага ці адмоўнага. Сказаў, што і адмоўны задаволіць. Але ў такім выпадку я на ўсю рэспубліку заяўлю, што дэпутаты народныя не жадаюць дыялогу з бізнэсам. Гэта парушае дырэктыву прэзідэнта №4 - хай уважліва пачытаюць», - распавёў ён.
Суразмоўца распавёў, што да яго нарэшце прыйшоў старшыня аблсавету Алег Барысенка і патлумачыў: маўляў, выйшла накладка, бо ад 2010 года на сесіі нікога не запрашаюць. А прысутнічаць на іх могуць, акрамя мясцовых, толькі дэпутаты вышэйшых прадстаўнічых органаў.
«Сесію гэтую праводзяць, як спецаперацыю, каб прадпрымальнікі не змаглі ніякім чынам паўдзельнічаць у гэтым працэсе. Чаму я прыехаў на сесію? Я не згодны, што ў такой крызіснай сітуацыі настолькі павялічваюць падатак прадпрымальнікам. У нас што - выручкі падраслі? Інфляцыя вырасла - так. Так хіба прадпрымальнікі тут вінаватыя? З новага года акцызы на цыгарэты падскочылі з 15 да 30 адсоткаў, на гарэлку - на 6 працэнтаў. Хто раскручвае інфляцыйную спіраль? Вядома, не прадпрымальнікі. Яны наадварот - прадаюць рэшткі сваіх тавараў на 50 адсоткаў танней. Можа ў іх падвысіцца прыбытковасць, на падставе якой павялічваюць адзіны падатак? Хацелася б пагутарыць на гэтую тэму з дэпутатамі. Але - адмовілі», - кажа прадпрымальнік.
На сесію імкнуўся трапіць і кіраўнік савета прадпрымальнікаў аднаго з самых вялікіх рынкаў Рэчыцы Алег Шабетнік, але таксама безвынікова. Напярэдадні сесіі прадпрымальнікаў у аўральным парадку сабралі ў мясцовым райвыканкаме, каб расказаць пра падвышэнне адзінага падатку. А потым абвясцілі, што ў аблвыканкаме праз дзве гадзіны адбудзецца сустрэча на гэтую тэму з намеснікам старшыні аблвыканкама Баляславам Пірштуком.
«Я тлумачыў, чаму ў нас цэны на тавары самыя высокія ў параўнанні з суседзямі. У той жа Украіне, дзе ідзе вайна, кошты значна ніжэйшыя. У Расеі, Літве - таксама. Я не кажу ўжо пра Польшчу, дзе яны ў разы ніжэйшыя. Проста ў нас вялікая падатковая нагрузка. Вялікія падаткі - вышэйшыя кошты на тавары. А цяпер падымаць кошты забаранілі. І калі яшчэ павялічыць для прадпрымальнікаў адзіны падатак на 20 адсоткаў, то самі прадпрымальнікі збанкрутуюць. У аблвыканкаме на гэта тлумачаць, што стаўкі адзінага падатку ўвядуць з сакавіка. А ў сакавіку, маўляў, падвоенага фіксаванага падатку на дадатковую вартасць ужо не будзе. Але з сакавіка спатрэбяцца ўсе суправаджальныя дакументы на кожны від тавару і не зразумела наогул як будуць працаваць прадпрымальнікі. Хіба што распрадаваць рэшткі сваіх тавараў. Мяркую, што большая частка прадпрымальнікаў наогул зачыніцца. Бюджэт толькі ў Гомельскай вобласці страціць 30-40 мільярдаў рублёў. І я не ведаю, чаму гэтыя грошы нікому не патрэбныя», - сказаў Шабетнік.
Паводле афіцыйных звестак на Гомельшчыне цяпер налічваецца 28 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры цяперашняй сітуацыі гэтыя людзі папоўняць шэрагі так званых «дармаедаў», з якімі ўлады таксама маюць намер змагацца. Так што, у такім выпадку, чакае дробных бізнэсменаў у сувязі з падвышанымі падаткамі і новымі патрабаваннямі? Гэта высвятляем у саміх прадпрымальнікаў, якія пакуль яшчэ працуюць на Цэнтральным рынку.
«Ну пастаім мы тут з астаткам тавараў, распрададзім - і ўсё. З сакавіка ўсе роўна ніхто не зможа працаваць. Ніхто не зможа! Прыязджайце ў сакавіку з камерай і паглядзіце, што тут будзе». Яшчэ адзін прадпрымальнік, які прадставіўся Аляксандрам, тлумачыць: «Калі законы не зменяцца, ніхто ніякіх падаткаў плаціць не будзе. У лютым хіба толькі яшчэ сёй-той заплаціць - хто выйдзе на працу, а хтосьці не. А ў сакавіку - ужо ўсё. Пойдзем бамжаваць», - кажа прадпрымальнік Віктар.