Статкевіча сёння павінны перавесці з турмы ў калонію
12- 12.01.2015, 16:12
- 20,310
12 студзеня экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча павінны перавесці з турмы ў калонію.
Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, у траўні 2011 года суд Ленінскага раёна Менска прыгаварыў Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010-га. Першапачаткова апазіцыйны палітык утрымліваўся ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012 года яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання, перавёўшы на тры гады ў магілёўскую турму № 4. Гэты тэрмін заканчваецца сёння, 12 студзеня.
"У калонію мяне сапраўды павінны перавесці, - паведаміў Статкевіч у пачатку снежня 2014 года ў лісце журналісту Барысу Вырвічу. - Гэта павінна адбыцца 12 студзеня наступнага года, калі скончацца тры гады турэмнага рэжыму, на якія мяне асудзілі. Тут маглі пры адсутнасці спагнанняў вярнуць мяне ў калонію і праз паўтара года, але гэта не для "палітычных". З калоніі могуць вярнуць зноў сюды, але маёй пазіцыі гэта не зменіць".
Як паведаміла жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч, раніцай 12 студзеня яна тэлефанавала ў магілёўскую турму, дзе ёй паведамілі, што Статкевіч знаходзіцца яшчэ там. Калі і куды этапуюць мужа, Адамовіч не ведае. З яе слоў, у мінулыя выхадныя Статкевічу абяцалі даць магчымасць патэлефанаваць дадому, але званка не было. Адамовіч таксама паведаміла, што родных павінны паведамляць пра месцазнаходжанне зняволенага ў трохдзённы тэрмін пасля яго паступлення ў іншае месца пазбаўлення волі.
Апошні раз Марына Адамовіч бачыла мужа падчас кароткатэрміновага спаткання ў магілёўскай турме 17 снежня. Сустрэча доўжылася дзве гадзіны, размова адбывалася праз шкло пры дапамозе тэлефоннай трубкі. "Ён ні на хвіліну за чатыры гады не даў мне магчымасці хоць у чымсьці сумнявацца. Ён у абсалютна ясным розуме, нармальным настроі, не адмаўляецца ад сваіх перакананняў", - распавяла жонка палітыка на наступны дзень пасля спаткання.
58-гадовы Мікалай Статкевіч - адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. Палітыку неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.
Тым часам Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП) пачала фармаваць ініцыятыўную групу ў вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года. Як заявіў на прэс-канферэнцыі 6 студзеня старшыня АГП Анатоль Лябедзька, гэта будзе, хутчэй, група салідарнасці з палітвязнямі, і да збору подпісаў за вылучэнне справа хутчэй за ўсё не дойдзе. "Але мы спадзяемся, што стварэнне ініцыятыўнай групы і яе дзеянні наблізяць вызваленне Мікалая Статкевіча", - патлумачыў Лябедзька.