Тэрарысты атрымалі зброю для нападу на Charlie Hebdo ад Амедзі Кулібалі?
2- 13.01.2015, 16:24
- 13,224
Зброю Саіду і Шэрыфу Куашы, якія ўчынілі напад на рэдакцыю штотыднёвіка Charlie Hebdo, пастаўляў тэрарыст Амедзі Кулібалі.
Пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляе бельгійскае выданне Het Laatste Nieuws, піша Lenta.ru.
Паводле звестак газеты, аўтаматы Калашнікава і гранатамёты былі набытыя на тэрыторыі Бельгіі, а менавіта ў раёне Паўднёвага чыгуначнага вакзалу Брусэля. Кошт зброі склаў блізу пяці тысяч еўра.
Раней СМІ паведамлялі, што Кулібалі можа быць нейкім чынам датычны да тэракту ў офісе Charlie Hebdo, аднак ніякія падрабязнасці не паведамляліся. У той жа час вядома, што Амедзі Кулібалі і браты Куашы доўгі час знаходзіліся пад наглядам французскіх спецслужбаў паводле падазрэння ў экстрэмісцкай дзейнасці. Сачэнне за імі, аднак, была спыненае ў ліпені 2014 года.
Напад на сатырычны часопіс у цэнтры Парыжа адбыўся 7 студзеня. У выніку загінулі 12 чалавек, у тым ліку галоўны рэдактар часопіса і супрацоўнікі паліцыі. Браты Куашы, якія ўдзельнічалі ў нападзе, былі забітыя падчас аперацыі французскіх спецслужбаў.
9 студзеня Амедзі Кулібалі з двума аўтаматамі Калашнікава ўварваўся ў кашэрны супермаркет у Парыжы і ўзяў закладнікаў. Падчас атакі на краму загінулі чатыры закладнікі. Кулібалі патрабаваў, каб паліцыя спыніла пераслед Саіда і Шэрыфа Куашы. Падчас штурму тэрарыст быў забіты.
Фота: AFP