Беларусь можа застацца без будмаркетаў «Ома»
42- 14.01.2015, 14:47
- 61,979
Прадстаўнікі літоўскай кампаніі Senukai, якая валодае сеткай будмаркетаў «Ома», не ўпэўненыя ў мэтазгоднасці далейшай працы ў Беларусі.
Пасля нядаўняга закрыцця 8 гандлёвых кропак сеткі, акцыянеры скептычна ацэньваюць перспектывы развіцця бізнэсу ў нашай краіне і падумаюць аб далейшай прысутнасці на беларускім рынку, піша «Інтэрфакс».
Кіраўнік Senukai ў пытаннях развіцця Нярыюс Янушоніс у інтэрв'ю літоўскай дзелавой газеце Verslo zinios заявіў, што «Акцыянеры цягам бліжэйшага часу вызначаць пытанне далейшай дзейнасці «Ома» ў Беларусі».
«Падчас праверак Мінгандлю нібыта былі выяўленыя парушэнні, напрыклад, прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці, не выконваўся неабходны асартымент тавараў, былі завышаныя кошты, што ў Беларусі забаронена пасля дэвальвацыі рубля», - сказаў ён.
Пасля інфармацыі пра закрыццё крам «Ома», экспэрты беларускага рынку рытэйла адзначалі, што гэта першы выпадак прымянення жорсткіх санкцый у дачыненні да прыватнай нехарчовай сеткі Беларусі. На іх думку, гэта вельмі трывожны сігнал, пасля якога дзяржава пяройдзе да больш масавых санкцый, што фактычна блакуе нармальную працу большасці гульцоў рынка.