Зміцер Дашкевіч: Няма ніякіх сігналаў, што нешта ў краіне мяняецца
7- 16.01.2015, 15:18
- 12,338
Беларускія ўлады не адмовяцца ад схемы «вызваляем адных - саджаем іншых».
Вызваленне палітвязняў да Рыжскага саміту Усходняга партнёрства ў траўні гэтага года можа стаць для Беларусі першым крокам на шляху да бязвізавага рэжыму з краінамі Еўразвяза, паведамляе «Радыё Рацыя».
Пра гэта паведаміў на днях партал EUobserver са спасылкай на кіраўніцтва МЗС Латвіі, якая з пачатку гэтага года старшынюе ў Радзе ЕЗ.
Што гэта: чарговая інфармацыйная «качка» або рэальная перспектыва таго, што палітвязні выйдуць з-за кратаў? Інфармацыю каментуе былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.
- Мы ўсе гадаем, ці могуць выйсці на волю палітвязні, але не ведаю, што зменіцца ад гэтай варажбы... Бо людзі працягваюць знаходзіцца за кратамі і, мне здаецца, няма ніякіх сігналаў, што нешта ў краіне мяняецца. Да таго ж, трэба разумець, што палітвязні ў краіне - гэта механічны працэс. Адных вызваляюць - іншых саджаюць на іх месца.
- Аднак дыялог паміж беларускай уладай і Еўропай апошнім часам актывізаваўся. Можа гэта стане падставай для вызвалення «палітычных»?
- Гульня ў дыялогі ідзе не першы год і не першы раз. Але, мяркую, беларуская ўлада не адмовіцца ад схемы «вызваляем адных - саджаем іншых».
- З'явілася інфармацыя, што вызваленне палітвязняў можа стаць для Беларусі першым крокам на шляху да бязвізавага рэжыму з краінамі Еўразвяза.
- Разумееце, калі б беларускі народ мог вызваляць палітвязняў дзеля бязвізавага рэжыму, то ён гэта зрабіў бы сёння ж. Аднак не думаю, што беларуская ўлада зацікаўленая ў бязвізавым рэжыме з ЕЗ. І, тым больш, гэта ніяк не паўплывае на вызваленне палітвязняў.