16 лiстапада 2024, Субота, 13:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замарожванне коштаў прывядзе да пустых паліц у крамах

126
Замарожванне коштаў прывядзе да пустых паліц у крамах

Як можна пры абрынанні рубля на 40 адсоткаў забараняць рост коштаў?

Урад Беларусі ў канцы 2014 года ўвёў мараторый на рост коштаў на большасць таварных групда 15 студзеня 2015 года. Але і пасля гэтай даты рост коштаў не назіраецца, акрамя падаражання аўтамабільнага паліва і медыкаментаў. На думку экспэртаў, дырэктыўнае ўтрыманне цэнаў пры істотнай дэвальвацыі беларускага рубля (каля 40 працэнтаў за паўтара месяца) можа прывесці да негатыўных наступстваў для беларускай эканомікі, перадае «Нямецкая хваля».

Што падаражэла ў 2015 годзе

З прадуктаў харчавання чамусьці больш за ўсё падаражэлі беларускія агуркі, цана на якія пасля навагодніх святаў вырасла ўдвая - з 18-25 тысяч беларускіх рублёў да 50-55 тысяч (з паўтара еўра да трох). Прычым айчынныя агуркі цяпер каштуюць у тры разы даражэй за бананы (14-19 тысяч за кілаграм) і ананасы (18-25 тысяч).

Акрамя таго, са слоў былога старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Станіслава Багданкевіча, пастаянна даражэюць медыкаменты. «Зайшоў у аптэку, дык там цэны растуць не па днях, а па гадзінах», - абураецца ён.

13 студзеня ў Беларусі падаражэла аўтамабільнае паліва. Марка бензіну АІ-92 цяпер каштуе 11100 рублёў (было 10600), АІ-95 - 11900 (да падаражання 11400), дызпаліва - 12300 рублёў (раней 11700). Хоць за мінулы год кошт нафты абрынуўся амаль удвая.

Без парадоксаў

Са слоў эканаміста Льва Марголіна, тут няма ніякага парадоксу: калі пры рынкавай эканоміцы кошты бензіну рэгулююцца попытам і прапановай, то ў Беларусі яны рэгулююцца акцызамі. Па-другое, на днях падатковыя плацяжы нафтапрадуктаў, якія ішлі ў рублях, былі замененыя плацяжамі ў валюце, адпаведна, іх рублёвы эквівалент ва ўмовах дэвальвацыі будзе пастаянна расці.

«Таму падвышэнне коштаў аўтамабільнага паліва з'яўляецца спробай перакласці праблемы дзяржавы на плечы спажыўцоў», - мяркуе суразмоўца.

Ён канстатуе, што рост коштаў бензіну будзе працягвацца, нават калі нафта і далей будзе таннець. Справа ў тым, што ўлады дэкларавалі прывязку кошту бензіну маркі АІ-92 да даляра, то бок, літр гэтай маркі паліва павінен каштаваць 1 даляр. Цяпер жа, нават пасля падаражання, літр гэтага бензіну каштуе каля 70 амерыканскіх цэнтаў.

«Так што, калі ў нас суадносіны даляр-рубель спыніцца на 17 тысячах беларускіх рублёў за амерыканскую адзінку, то і бензін рана ці позна будзе каштаваць 17 тысяч. Гэта будзе не занадта хутка, бо народ збунтуецца, але паступова гэта будзе адбывацца», - упэўнены экспэрт.

Да чаго прывядзе мараторый на кошты

На астатнія групы тавараў цэны пакуль не растуць. Тое, што мараторый на падаражанне будзе працягнуты і пасля 15 студзеня, у гэты ж дзень даў зразумець Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пазачарговай сесіі так званага беларускага парламента.

«У нас непараўнальна з мінулымі крызісамі таннейшыя рэсурсы. Таму нічога страшнага няма, калі мы пратрымаемся на гэтым узроўні коштаў. Мы іх не зніжаем, але, можа, дзесьці і ўручную прыйдзецца іх адрэгуляваць, на асобныя групы тавараў, але ў гэтым няма ніякага страху», - заявіў беларускі правадыр.

Як адзначае эканаміст Яўген Прэйгерман, і міністэрства гандлю пацвердзіла, што замарожванне коштаў не спыніцца 15 студзеня. Калі гэта працягнецца і далей, кажа аналітык, многія суб'екты пачнуць сыходзіць з рынку, а тыя, хто застанецца, пры захаванні такога становішча рэчаў праз нейкі час могуць проста збанкрутаваць.

Каб не было панікі

Мараторый на рост коштаў, мяркуе экспэрт, быў уведзены, каб пазбегнуць панікі сярод насельніцтва, асабліва на фоне навагодніх святаў. «У той жа час зразумела, што гэта цяжка суадносіцца з законамі эканомікі, таму ўсё гэта - меры адносна кароткатэрміновага дзеяння. Але фактар прэзідэнцкіх выбараў будзе прызямляць улады не столькі да эканамічнай, колькі да палітычнай рэальнасці», - падкрэслівае Яўген Прэйгерман.

У сваю чаргу Леў Марголін называе пастанову ўладаў аб замарожванні цэн на фоне істотнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты «кагнітыўным дысанансам, адсутнасцю выразнай палітыкі з боку ўрада».

«Узяць дзеянні міністэрства гандлю, якое з'яўляецца часткай урада, і, здавалася б, павінна дзейнічаць з ім ва ўнісон, - адзначае эканаміст, - яны ж не ўкладваюцца ні ў якія рамкі. Як можна пры падзенні нацыянальнай валюты на 40 адсоткаў забараняць рост коштаў?».

Развіццё падзей

Леў Марголін прагназуе два варыянты развіцця падзей. Частка прадпрыемстваў будуць выходзіць са становішча за кошт перайменавання тавараў - была каўбаса «Доктарская», а стане «Доктарская – люкс», але толькі даражэйшая. А частка тавараў проста знікне з продажу.

Гэта «паўторны наступ на граблі з часоў СССР», мяркуе суразмоўца.

«Калі міністэрства гандлю само гэта не зразумее ці яму хтосьці не падкажа, то з паліц пачнуць знікаць тавары, і вось толькі тады хтосьці спахопіцца», - рэзюмуе Леў Марголін.

Напісаць каментар 126

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках