У Маскве на апазіцыйных актывістаў напалі «антымайданаўцы»
26- 17.01.2015, 12:18
- 24,186
У маскоўскай кавярні «Бабры і качкі» на актывістаў напалі некалькі дзясяткаў агрэсіўна настроеных малойчыкаў.
Інцыдэнт адбыўся ўвечары ў пятніцу, 16 студзеня.
Як паведаміў у сваім Twitter сябра партыі «5 снежня» Андрэй Быстроў, у кавярні сабраліся актывісты, якія хацелі праслухаць лекцыю чальца Фонду барацьбы з карупцыяй Леаніда Волкава.
У будынак уварваліся каля 20 агрэсіўна настроеных малойчыкаў. Яны пачалі збіваць людзей, ламаць мэблю і крычаць «Майдан не пройдзе».
Міліцыя, якая прыбыла па выкліку, затрымала і тых, хто нападаў, і пацярпелых. Пасля ўсіх адпусцілі.
Як адзначае «Дождж», карэспандэнтка выдання пазнала некаторых удзельнікаў руху НВР (так званага нацыянальна-вызвольнага руху), якія ўдзельнічалі ў мітынгу на Манежнай плошчы 15 студзеня. Тады яны выкрыквалі лозунгі «Майдан не пройдзе» і «Рыхтуеш Майдан - паедзеш у Магадан». Прыхільнікі руху прынеслі на плошчу сцягі «Наваросіі» і сцягі ў выглядзе георгіеўскіх стужак.
Фота: @Vorobievaya