ЕБРР імкліва пагоршыў прагноз падзення эканомікі РФ у 2015 годзе
2- 19.01.2015, 15:38
- 15,726
Крызіс у Расеі адаб’ецца на яе суседзях, у тым ліку і па Беларусі.
ВУП Расеі абрынецца на 4,8%. Трыма месяцамі раней ЕБРР чакаў, што ВУП Расеі ў 2015 годзе скароціцца толькі на 0,2%, піша РБК.
Імклівае пагаршэнне перспектыў развіцця расейскай эканомікі ў ЕБРР тлумачаць цэлым шэрагам фактараў, сярод якіх падзенне сусветных цэн нафты, негатыўнае ўздзеянне ўведзеных Захадам санкцый, а таксама зніжэнне спажывецкага попыту і аб'ёму інвестыцый.
«Наш прагноз у росце эканомікі Расеі на 2015 год устаноўлены ў -4,8%, мы зыходзім з таго, што сярэдні цягам года кошт нафты складзе $58 за барэль, а санкцыі застануцца ў дзеянні. Структурныя і цыклічныя негатыўныя фактары будуць узмацняць адзін аднаго, а нізкая актыўнасць інвестараў паставіць пад пагрозу перспектывы доўгатэрміновага росту», - адзначаецца ў справаздачы ЕБРР.
Раней экспэрты міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Moody's прадказалі, што ВУП Расеі ў 2015 годзе скароціцца на 5,5%.
Паводле прагнозаў экспэртаў ЕБРР, праз рост кошту ўнутрырасейскіх крэдытаў і абмежаванні доступу да вонкавага фінансавання інвестыцыі ў эканоміку Расеі скароцяцца ў 2015 годзе больш чым на 10%. У справаздачы ЕБРР падкрэсліваецца, што скарачэнне інвестыцый стварае пагрозу аднаўлення росту эканомікі і гэтая пагроза будзе ўзмацняцца па меры вычарпання магчымасцяў існых вытворчых магутнасцяў, а дэфіцыт інвестыцый у нафтагазавай сферы можа ўскладніць падтрыманне аб'ёмаў здабычы нафты і газу нават на цяперашнім узроўні.
«Нізкія кошты нафты маюць асабліва моцны негатыўны ўплыў на рост ВУП Расеі, бо нафта і газ складаюць каля двух трацін яе экспарту і забяспечваюць прыкладна чвэрць даходаў бюджэту. Пры гэтым ускоснае ўздзеянне можа выявіцца нават важнейшым, бо большасць іншых галін гэтак жа залежаць ад нафтагазавых даходаў», - адзначаецца ў справаздачы ЕБРР.
У ЕБРР асабліва адзначылі, што абясцэньванне рубля, скачок інфляцыі і павелічэнне ставак у крэдытах, якія падняліся пасля імклівага павышэння ЦБ ключавой стаўкі, знізяць узровень спажывецкага попыту, што застаецца адным з найважнейшых драйвераў эканамічнага росту. Паводле звестак ЕБРР, за мінулы год тэмпы росту спажывецкага попыту замарудзіліся амаль удвая, упалі з 3,9% у 2013 годзе да 2% у 2014 годзе. А ў 2015 годзе сітуацыя яшчэ пагоршыцца, бо імкліва даражэючыя рознічныя крэдыты стануць недаступнымі для шматлікіх расейскіх сем'яў. Зрэшты, абясцэньванне рубля і агульнае пагаршэнне сітуацыі ў эканоміцы Расеі ўдарыць, на думку экспэртаў ЕБРР, і па шэрагу краін былога СССР. Падзенне курсу рубля да даляра ўжо прывяло да імклівага змяншэння аб'ёмаў грашовых пераводаў з Расеі ў краіны Сярэдняй Азіі і Каўказу, што стала адной з прычын абясцэньвання мясцовых валют. У выпадку разрастання крызісу ў Расеі сітуацыі ў эканамічна звязаных з ёй краінах таксама будзе пагаршацца, папярэджваюць экспэрты ЕБРР.
Прынамсі, узровень росту ВУП Азербайджана ў 2015 годзе ў абноўленым прагнозе ЕБРР скарочаны ў параўнанні з вераснёвым на 1,5 працэнтных пункта (п.п.) - з 3% да 1,5%. Рост эканомік Малдовы і Арменіі чакаецца нулявым, раней меркавалася, што эканоміка Малдовы вырасце ў 2015 годзе на 4%, а эканоміка Арменіі - на 3,5%. Ад ВУП Беларусі замест росту на 0,5% цяпер чакаюць падзення на 1,5%.
Адначасова з гэтым ЕББР пагоршыў прагнозы росту эканомік Казахстана (з 5,1% да 1,5%), Кыргызстана (з 4,8% да 3,2%), Туркменістана (з 10% да 9,7%), Эстоніі (з 2,5% да 2,2%), Латвіі (з 3,7% да 3%) і Літвы (з 3,4% да 3,2%). Падзенне эканомікі Украіны, згодна з абноўленым прагнозам, будзе глыбейшым, чым чакалася раней - ВУП краіны скароціцца не на 3%, а на 5%. На ўсёй постсавецкай прасторы паляпшэння стану эканомікі экспэрты ЕБРР чакаюць толькі ад Грузіі (прагноз росту ВУП узрос на 0,2 п.п. - з 4% да 4,2%) і Узбекістана (прагноз павышаны з 7,6% да 7,8 %). У справаздачы ЕБРР падкрэсліваецца, што рэалізацыя абноўленага прагнозу залежыць ад таго, як на самой справе будуць развівацца падзеі. Прынамсі, паскарэнне падзення коштаў нафты можа ўзмацніць ціск на эканоміку Расеі, прывесці да імклівага скарачэння яе золатавалютных рэзерваў і новага падзення курсу рубля. А ў гэтым выпадку паўстане «эфект даміно», які прывядзе да ўзмацнення крызісу ў шэрагу краін былога СССР.