Беларускі рубель у пошуках дна
41- 22.01.2015, 13:19
- 68,851
Беларуская валюта абрунулася на 40%, але падзенне яшчэ не скончылася.
Снежань-студзень былі вельмі стрэсавымі для беларусаў - як для шараговых грамадзян і бізнэсу, так і для высокапастаўленых чыноўнікаў. Увядзенне 30-адсоткавага збору пры куплі валюты, або так званая «недэвальвацыя», забарона юрыдычным асобам купляць валюту на пазабіржавым рынку, нястача валюты ў абменніках, замарожванне коштаў, паэтапнае скасаванне збору і нарэшце ўзаконьванне 30-адсоткавай дэвальвацыі з далейшым падзеннем беларускага рубля да адзнакі мінус 38% зрабілі ў Беларусі Новы год, піша «Капитал».
Паміж гэтымі падзеямі была яшчэ змена амаль усёй кіроўнай верхавіны ў апошнія дні года, уключаючы прэм'ер-міністра, шэраг міністраў, кіраўнікоў рэгіёнаў і старшыні Нацбанка. Тую «недэвальвацыю», якую пачала 19 снежня Надзея Ермакова, у студзені заканчваў ужо новы кіраўнік Нацбанка Павел Калавур. Ён адмовіўся ад валютных інтэрвенцый на біржавых таргах і прывязаў курс беларускага рубля да кошыку валют, прычым зыходзячы са структуры замеженага тавараабарачэння ўдзельная вага расейскага рубля павялічылася да 40%, а даляра і еўра знізілася да 30%. Стаўка рэфінансавання вырасла з 20 да 25%, такім чынам, крэдытныя рэсурсы сталі яшчэ менш даступныя.
У выніку гэтых ды іншых захадаў курс даляра ўстанавіўся на ўзроўні амаль 15 000 рублёў, прычым пікавае значэнне было зафіксаванае на таргах 14 студзеня - 15010 рублёў, пасля гэтага даляр стаў таннець і за некалькі дзён апусціўся да 14830 рублёў. Аднак як будуць развівацца падзеі далей, ніхто прадказаць не можа. Відавочная прыкмета збянтэжанасці - у абменніках валюта па-ранейшаму ў дэфіцыце. Банкі прадаюць толькі тыя грошы, якія здае насельніцтва.
Бізнэс паміж молатам і кавадлам
Беларусам да абясцэньвання нацвалюты не звыкаць. Фармальна 38-адсоткавае падаражэнне даляра - дробязі ў параўнанні з трохразовай дэвальвацыяй у 2011 годзе. Аднак цяперашнія ўзрушэнні на фінансавым рынку краіны неслі ў сабе вялікі наватарскі элемент, што стала непрыемным сюрпрызам для бізнэсу.
Указам прэзідэнта ўведзены ў снежні 30-адсоткавы падатак падчас куплі валюты прадпрыемствам было забаронена ўключаць у затраты, якія ўлічваюцца пры вылічэнні падатку на прыбытак. Імпарцёры, выплачваючы дзяржаве валютны збор, не змяншалі падатковую базу для падатку на прыбытак і такім чынам зазналі падвойнае падаткаабкладанне.
«Дзяржава фактычна ўстанавіла, што часова купля валюты не з'яўляецца працэдурай, патрэбнай для вытворчасці і рэалізацыі тавараў, работ, паслуг і, адпаведна, не ўлічваецца пры разліку падатку на прыбытак, - пракаментаваў ноў-хаў экспэрт у галіне падаткаабкладання Аляксандр Жук. - Пры гэтым, напрыклад, незразумела, як без валюты закупляць імпартную сыравіну, патрэбную для вытворчасці».
Немагчымасць аднесці 30-адсоткавы збор на затраты з'явілася для бізнэсу «молатам», а «кавалдам» стаў коштавы мараторый, які ўрад увёў адначасова са зборам фактычна на ўсе тавары і паслугі ў краіне. Выключэнне зрабілі для камунальных паслуг, ГЗМ і міжнародных чыгуначных перавозак. Усяму астатняму, у тым ліку імпартнаму шырокаму спажыванню, забаранілі даражэць, нягледзячы на дэвальвацыю. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў «прадпрымальнікаў, камерсантаў і рознага тыпу жуллё», што «трэнд на кантроль за коштамі ў краіне захаваецца назаўжды».
Зразумела, што доўга так цягнуцца не магло, вытворчасць і гандаль проста б спыніліся, таму пачынаючы з сярэдзіны студзеня ўрад аслабіў хватку. Супольнай пастановай Мінэканомікі і Мінгандлю прадпрымальнікам дазволілі падняць кошты на суму змены кошту імпартнай сыравіны і матэрыялаў з трэціх краін (якія не ўваходзяць у ЕАЭС), з улікам іх дзелі ў адпускным кошце.
Пры гэтым «кошт імпарту з трэціх краін не можа быць павялічаны больш чым на адсотак змены курсу беларускага рубля да курсу валютнай дамовы на дату пастаноўкі на ўлік, паменшаны на 5 адсоткавых пунктаў». Гэта значыць пры падаражэнні даляра на 38% кошт імпартных складнікаў дазволена падняць на 33%.
Крызіс прыйшоў не ўчора
Наколькі менавіта падаражэюць спажывецкія тавары з такой методыкай коштаўтварэння, пакуль незразумела. Аднак відавочна, што ўрадавы прагноз інфляцыі на 2015 год, зацверджаны ў снежні на ўзроўні 12%, больш не актуальны. У Беларусі і ў 2014-та годзе, які амаль да самага канца працякаў без фінансавых узрушэнняў, інфляцыя перасягнула 16%. Так што новая задача на гэты год, хутчэй за ўсё, будзе фармулявацца як методыка коштаўтварэння: працэнт дэвальвацыі мінус 5 адсоткавых пунктаў.
У той жа час і паводле іншых эканамічных паказнікаў прагнозы на 2015 год для Беларусі далёка не вясёлыя. Золатавалютныя рэзервы краіны толькі за снежань скараціліся на 13% і на 1 студзеня ў міжнародным вылічэнні склалі крыху больш за $5 млрд. Вялікай нагрузкай на ЗВР з'яўляюцца выплаты краіны крэдыту МВФ у суме $3 млрд. Пры гэтым даходаў ад прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, якія можна было б залічыць у рэзервы, амаль няма.
Даходы экспарту таксама значна скараціліся. І прычына тут не толькі ў дэвальвацыі ў Расеі, куды сыходзіць ільвіная доля беларускай прадукцыі, але і ў скарачэнні попыту на гэтую прадукцыю, якое стала адбівацца задоўга да вострай фазы расейскага крызісу. У выніку аб'ёмы вытворчасці транспартных сродкаў, машын і абсталявання, у ліку якіх такія беларускія брэнды, як МАЗ, МТЗ, БелАЗ, за 2014 скараціліся прыкладна на 20%.
А ў новым годзе ўдар трэба будзе выпрабаваць і нафтаперапрацоўцы. Праз падатковы манеўр Расеі беларускім НПЗ цяпер даводзіцца купляць расейскую нафту прыкладна на $100 за тону даражэй. Прычым паводле папярэдняй аплаты і менавіта ў далярах.
Cальда замежнага гандлю таварамі ў Беларусі традыцыйна глыбока адмоўнае: за 11 месяцаў мінулага года яно склала мінус $3 млрд. Больш за чвэрць прадпрыемстваў паводле вынікаў 10 месяцаў былі стратнымі, амаль 70% прадпрыемстваў мелі пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасць, пад 80% - пратэрмінаваную дэбіторскую.
Прагнозы пагоршыліся
Дэвальвацыя дасць экспарцёрам глыток свежага паветра, аднак на доўгатэрміновы эфект разлічваць не даводзіцца. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у студзеньскім прагнозе істотна пагоршыў свой прагноз для беларускай эканомікі на гэты год. Цяпер ён прагназуе спад эканомікі Беларусі на 1,5%, у той час як у верасні прадказваў рост ВУП на 0,5%.
Эканамісты банка адзначаюць высокую залежнасць Беларусі ад Расеі «як асноўнай крыніцы ўразлівасці, якая пагаршаецца за кошт уласных вельмі значных замежных дысбалансаў Беларусі, рызык ліквіднасці, нізкага ўзроўню золатавалютных рэзерваў і структурных абмежаванняў эканамічнага росту».
Яшчэ адным негатыўным фактарам для беларускай эканомікі ў ЕБРР называюць высокія абавязанні ўрада ў пагашэнні замежнай дзяржаўнай запазычанасці, улічваючы вялікі ўдзел дзяржавы ў эканоміцы краіны.
«Дэвальвацыя беларускага рубля паўплывае на зніжэнне ўнутранага попыту, павелічэнне крэдытных рызык і выкліча негатыўныя наступствы ў банкаўскім сектары», - адзначаюць у ЕБРР.
Бізнэс-супольнасць унутры самой Беларусі салідарна з гэтымі прагнозамі, заклікаючы рыхтавацца да пагаршэння праблем з крэдытаваннем і экспартам, якія яшчэ горш ускладняць сітуацыю на валютным рынку.