26 снежня 2024, Чацвер, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы патрабуюць вызвалення Мікалая Дзядка

4
Праваабаронцы патрабуюць вызвалення Мікалая Дзядка

Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі настойваюць на спыненні пераследу актывіста.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве FIDH - Міжнароднай федэрацыя за правы чалавека, «Беларускага Хельсінскага камітэту» і ПЦ «Вясна».

«Мікалай Дзядок быў узяты пад варту 3 верасня 2010 года. 27 траўня 2011 года суд Заводскага раёна Менска прысудзіў яго да 4,5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму паводле ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэкса («злоснае хуліганства»). 5 снежня 2012 года пастановай суда ўмовы адбыцця пакарання былі заменены на больш жорсткія і Мікалай быў пераведзены з калоніі №17 Шклова ў турму №4 Магілёва.

Падставай для прысуду Мікалаю Дзядку стаў ягоны ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту супраць сумесных расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў ля Міністэрства абароны. Следства і суд у справе суправаджаліся шматлікімі парушэннямі прынцыпаў справядлівага судовага разбору. Гэтыя абставіны дазволілі кваліфікаваць гэтую крымінальную справу як палітычна матываваную, а Мікалая Дзядка як палітычнага зняволенага», - гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы нагадваюць, што падчас зняволення Мікалай Дзядок неаднаразова атрымліваў дысцыплінарныя спагнанні з боку адміністрацыі пенітэнцыярных устаноў, у якіх ён адбываў пакаранне. Яго змяшчалі ў ШІЗА (штрафны ізалятар) і памяшканне камернага тыпу, пазбаўлялі спатканняў і перадач. Ціск на Мікалая не спыніўся нават пасля яго пераводу ў турму №4 Магілёва. У некаторых выпадках ён учыняецца праз іншых зняволеных. На працягу кароткага перыяду часу з прычыны правакацый і канфліктаў Мікалая чатыры разы пераводзілі ў розныя камеры. Ён быў вымушаны звярнуцца да адміністрацыі турмы з просьбай аб яго змяшчэнні ў адзіночную камеру. У выніку ціску і цяжкасцяў здароўе Мікалая Дзядка пагоршылася.

«3 сакавіка 2015 Мікалай Дзядок павінен быў выйсці на волю ў сувязі са сканчэннем тэрміну зняволення. Аднак, як стала вядома, у дачыненні да яго была распачатая новая крымінальная справа паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Падставай для распачынання крымінальнай справы сталі матэрыялы дысцыплінарных спагнанняў, раней накладзеныя на яго адміністрацыяй турмы. 13 студзеня 2015 года скончыўся тэрмін папярэдняга следства, пасля чаго матэрыялы справы былі перададзеныя ў пракуратуру для падрыхтоўкі іх перадачы ў суд. У выпадку прызнання вінаватым, Мікалай Дзядок можа быць прысуджаны да яшчэ аднаго году пазбаўлення волі. Варта адзначыць, што праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі выступаюць за скасаванне гэтага артыкула Крымінальнага кодэкса, які не мае аналагаў у іншых краінах былога Савецкага Саюза, і паказваюць на магчымасць яе адвольнага прымянення ў дачыненні да непажаданых уладам зняволеных з мэтай фактычнага падаўжэння тэрміну турэмнага зняволення.

У сувязі з вышэйсказаным, нашы арганізацыі выказваюць сваю глыбокую заклапочанасць у сувязі з сур'ёзнымі пагрозамі для жыцця і здароўя Мікалая Дзядка і падкрэсліваюць, што ўся адказнасць за яго бяспеку і абарону ляжыць на адміністрацыі турмы №4 г. Магілёва і кіраўніцтве Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Мы таксама выказваем пратэст супраць новага крымінальнага пераследу Мікалая Дзядка, якое ўважаем за выключна палітычна матываваную справу, і патрабуем яго неадкладнага спынення, а таксама неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мікалая Дзядка і іншых палітычных зняволеных у Беларусі», - гаворыцца ў заяве.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках