Bloomberg: Беларусь зарабляла на крызісу ў РФ, пакуль яе валюта не абрынулася
4- 22.01.2015, 18:50
- 20,944
Падзенне курсу расейскага рубля дазволіла беларусам выгадна ездзіць за пакупкамі ў суседнюю краіну.
Калі ў снежні расейскі рубель абваліўся на 45% у суадносінах да даляра і еўра, тысячы грамадзян Беларусі зразумелі, што могуць эканоміць, купляючы тавары ў Расеі, а не ў роднай краіне.
Жыхар Менска Андрэй Кабанаў, да прыкладу, набыў два патрыманых аўтамабілі BMW, заплаціўшы на траціну менш ад рынкавай цаны. Беларусам пэўны час атрымоўвалася атрымліваць выгаду ад крызісу ў Расеі, пакуль іх нацыянальная валюта таксама не абвалілася.
Пра гэта сёння піша Bloomberg Business Week (пераклад - zn.ua). Перш за ўсё, яны мелі магчымасць зарабляць дзякуючы санкцыям, якія Расея ўвяла супраць Захаду ў адказ на эканамічны ціск з боку ЕЗ і ЗША праз развязванне вайны супраць Украіны.
"Садавіну і гародніну, выгадаваныя ў Еўразвязе, замянялі ва ўпакоўках больш таннымі беларускімі прадуктамі. Перапакаваную айчынную прадукцыю прадавалі ў Беларусі пад выглядам еўрапейскай, а імпарт перапрадавалі ў Расеі", - апісвае схему выданне.
Таксама беларускія спекулянты адпраўлялі грузавік з заходнімі таварамі ў Казахстан. Але на расейскай тэрыторыі груз дзесьці знікаў. Акрамя таго, беларускія кампаніі таксама прадавалі ў Расеі тавары з ЕЗ пасля так званай "перапрацоўкі". Да прыкладу, калі нарвежскую рыбу пасалілі у Беларусі, то яна пераставала быць нарвежскай.
Зараз жа такі бізнэс "перапакоўкі" паступова знікае. Паколькі Расея пачала змагацца супраць кантрабанды з Беларусі і яе рынак стаў менш прывабным. Акрамя таго, беларускі рубель таксама абваліўся на 30%. І ездзіць за пакупкамі ў Расею таксама стала не выгадна.
Аднак, эканамічны крызіс у Беларусі, які пачаўся ўслед за расейскім, сведчыць аб сур'ёзнай залежнасці краіны ад Масквы. Пры гэтым выданне заўважае, што ў адрозненне ад іншых былых краін СССР, у Беларусі значна менш распаўсюджаная карупцыя.
Аднак Менск выбраў няправільны эканамічны курс, нацэлены на інтэграцыю з Расеяй. Праз гэта эканоміка краіны будзе пакутаваць да таго часу, пакуль падае расейскі рубель. Акрамя таго, Масква час ад часу ладзіць гандлёвыя войны з Менскам. Нядаўна Расея вярнула Беларусі амаль 60 тон "бракаваных" гародніны і садавіны. 24 лістапада Расея абмежавала транзіт прадуктаў з Беларусі праз "рээкспарт". У Маскве абвінавацілі Беларусь у кантрабандзе "забароненай" прадукцыі з Еўразвяза нібыта ў Казахстан, але якая чамусьці "затрымалася" ў Расеі. Прэзідэнт Беларусі негатыўна ацаніў падобныя мерапрыемствы і назваў абмежаванні паставак тавараў у РФ "бязмозглай" палітыкай. Таксама раней Лукашэнка абвінаваціў Расею ў непрыстойных паводзінах, заявіўшы, што РФ пайшла на парушэнне ўсіх нашых дамоўленасцей, якіх дасягнулі ў Мытным саюзе.