Удзельнікаў акцыі памяці герояў «Нябеснай сотні» судзяць у закрытым рэжыме
6- 23.01.2015, 12:41
- 15,708
У судзе Цэнтральнага раёна Менска праходзіць разгляд адміністрацыйных спраў удзельнікаў ушанавання памяці ўкраінскай «Нябеснай сотні».
Іх абвінавачваюць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП РБ), паведамляе «Радыё Свабода».
22 студзеня ўвечары прыкладна блізу 15 чалавек запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да помніка Тараса Шаўчэнкі недалёка ад амбасады Украіны. Быў разгорнуты вялікі партрэт загінулага ва Украіне беларуса Міхаіла Жызнеўскага. Усе ўдзельнікі былі затрыманыя сілавікамі адразу пасля акцыі і дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС сталіцы.
Пасля поўначы вызвалілі 4 чалавек - Ніну Багінскую, Дзмітрыя Захарэвіча, Юрыя Ваўчка, Валерыю Чарнаморцаву. У РУУС Цэнтральнага раёна засталіся да суда пяць затрыманых. Гэта каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, актывісты Вольга Нікалайчык, Аляксандр Макаеў, Яўген Батура і Мікалай Колас.
Вызваленыя актывісты папрасілі прадстаўнікоў пасольства Украіны звярнуць увагу на тое, што ў міліцэйскім аўтобусе прадстаўнікі сілавых структур Беларусі вельмі здзекліва, ганебна, у абразлівай форме выказваліся пра Украіну і ўкраінцаў.
Суддзя Цэнтральнага суду Вікторыя Шабуня заявіла, што яна пастанавіла правесці выязное пасяджэнне ў будынку РУУС Цэнтральнага раёна. Каля РУУС Цэнтральнага раёна сабралася больш за трыццаць чалавек, нікога не ўпускаюць унутр.
Удзельнікаў акцыі памяці герояў «Нябеснай сотні» судзяць у закрытым рэжыме.