Затрыманыя актывісты: АМАПаўцы абражалі Ўкраіну і яе сцяг
25- 23.01.2015, 12:50
- 45,518
Сілавікі здзекаваліся над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі памяці герояў «Нябеснай сотні» ў Менску.
Актывістка БХД Валерыя Чарнаморцава, якую ўчора затрымалі на акцыю памяці тым, хто загінуў на Майдане, распавяла "Радыё Свабода", што міліцыянты жорстка абыходзіліся з удзельнікамі акцыі і абражалі ўкраінскія нацыянальныя сімвалы.
«Падчас затрымання міліцыянты вельмі абражалі Аляксандра Макаева. У яго хворая спіна, і яму не давалі сесці і вельмі рэзка штурхалі ў спіну ў аўтобусе. Ён проста пакутаваў ад фізічнага болю. Грубае абыходжанне было і з Вольгай Нікалайчык.
Мы не праводзілі акцыі. Мы проста маліліся ў знак салідарнасці і запальвалі свечкі. Не затрымлівалі жа людзей каля амбасады Францыі, калі тыя прынеслі кветкі і свечкі ў памяць загінулых журналістаў Charlie Hebdo. Па сутнасці, мы рабілі тое ж самае. Але нас затрымалі, абражалі і некаторых, мабыць, пасадзяць пад арышт.
Ад імя затрыманых Алесь Макаеў прасіў перадаць, што падчас затрымання міліцыянты вельмі абражалі Украіну, ейны сцяг. Алесь Макаеў прасіў перадаць амбасадару Украіны, каб той адрэагаваў на такія паводзіны беларускіх ахоўнікаў правапарадку», - кажа актывістка.
Актывіст руху салідарнасці «Разам» Дзмітрый Захарэвіч распавёў, што АМАПаўцы здзекаваліся над жанчынамі і абражалі Украіну:
«Падчас малітвы за намі назіралі супрацоўнікі ў цывільным - іх у парку было больш за 20 чалавек. Затрымлівалі нас пасля акцыі ўшанавання памяці, на выхадзе з парку. Супрацоўнікі ў цывільным хапалі ўдзельнікаў жалобнай акцыі з двух бакоў пад рукі і цягнулі ў аўтобус. У аўтобусе нас вельмі шчыльна паставілі, так як сядзення былі занятыя амапаўцамі ў форме. Нас заштурхалі ў аўтобус. Жанчыны сталі спяваць «Магутны Божа», у адказ на гэта АМАПаўцы на ўсю моц уключылі «Ramstein», а затым песню пра бамжа ў выкананні расейскага гурта «Сектар Газа». Здзекліва казалі нам, затрыманым, што гэта песня пра нас. Падчас усёй дарогі міліцыянты абразліва выказваліся пра Украіну і саміх украінцах.
Калі нас прывезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, нас паставілі ў калідоры тварам да сцяны. Так мы прастаялі амаль тры гадзіны. Мне пашанцавала, мяне адпусцілі. Але маіх паплечнікаў - Аляксандра Макаева, Максіма Вінярскага, Вольгу Нікалайчык, Мікалая Коласа - будуць судзіць", - распавёў ён.
Нагадаем, суды над затрыманымі праходзяць у закрытым рэжыме.
22 студзеня ўвечары прыкладна блізу 15 чалавек запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнка недалёка ад амбасады Украіны. Быў разгорнуты вялікі партрэт загінулага ва Украіне беларуса Міхаіла Жызнеўскага. Усе ўдзельнікі былі затрыманыя сілавікамі адразу пасля акцыі і дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС сталіцы.
Пасля паўночы вызвалілі 4 чалавек - Ніну Багінскую, Дзмітрыя Захарэвіча, Юрыя Ваўчка, Валерыю Чарнаморцаву. У РУУС Цэнтральнага раёна засталіся да суда пяць затрыманых. Гэта каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, актывісты Вольга Нікалайчык, Аляксандр Макаеў, Яўген Батура і Мікалай Колас.