27 снежня 2024, Пятніца, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязня Статкевіча вінавацяць ва «ўхіленні ад грамадскай працы»

20
Палітвязня Статкевіча вінавацяць ва «ўхіленні ад грамадскай працы»

Мікалаю Статкевічу не змянілі рэжым адбыцця пакарання.

Пра гэта ён паведаміў у лісце да сваёй жонкі Марыны Адамовіч. На думку адміністрацыі шклоўскай калоніі, ён "не стаў на шлях выпраўлення", піша БелаПАН.

"16 студзеня выклікалі на камісію замены рэжыму. Гэта праводзіцца без усялякіх заяў ад арыштантаў - калі тэрмін прыйдзе, - піша Статкевіч. - Вынік чаканы, але здзівіла фармулёўка. Я "не стаў на шлях выпраўлення", таму што "не ўдзельнічаў у працы самадзейных арганізацый" і "ўхіляўся ад грамадскай працы".

"Безумоўна, на такі шлях я не стаў, бо невінаватаму чалавеку гэта без патрэбы. А вось як у "адзіночцы" весці "грамадскую працу" і "ўдзельнічаць у арганізацыях" - гэта пытанне", - іранізуе аўтар ліста.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч адбывае пакаранне паводле прысуду суда Ленінскага раёна Менска, які ў траўні 2011 года прысудзіў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі праз абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.

Першапачаткова асуджаны ўтрымліваўся ў шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012 года яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання - адміністрацыя калоніі палічыла, што Статкевіч "не стаў на шлях выпраўлення", "да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца" і пасля адбыцця пакарання мае намер "весці злачынны лад жыцця". Фармальнай падставай для гэтых абвінавачванняў стала адсутнасць на адзенні Статкевіча біркі з нумарам зняволенага, а таксама тое, што ён не пазначыў у спісе асабістых рэчаў насоўкі.

Статкевіча перавялі на тры гады ў магілёўскую турму № 4, адкуль 12 студзеня бягучага года ён вярнуўся ў шклоўскую калонію № 17.

Некалькі дзён назад стала вядома, што Мікалаю Статкевічу забаранілі доўгатэрміновае спатканне з роднымі на падставе двух рапартаў аб парушэнні правіл унутранага распарадку, якія ён нібыта ўчыніў у першыя два дні знаходжання ў шклоўскай калоніі. Паводле інфармацыі жонкі палітыка, першы рапарт быў складзены за няправільную форму адзення (Статкевіч быў апрануты ў штаны, выдадзеныя яму ў магілёўскай турме), другі - у сувязі з тым, што за 15 хвілін да адбою асуджанага не было на спальным месцы.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Мікалая Статкевіча палітычным зняволеным.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках