The Economist: На аднаўленне эканомікі Расеі спатрэбіцца нямала часу
9- 26.01.2015, 9:08
- 12,593
Расея не зможа хутка выйсці з крызісу.
Пра гэта піша "Тиждень" са спасылкай на The Economist.
"Яе надзеі на тое, што дэвальвацыя рубля паскорыць імпартазамяшчэнне (як пасля дэфолту 1998) і такім чынам выкліча эканамічны рост, нерэалістычныя. Тады РФ праводзіла замену асноўных тавараў, якія можна было вырабляць на рэзервовым савецкім абсталяванні. Сённяшні імпарт нельга хутка замяніць мясцовымі аналагамі . Для гэтага патрэбныя інвестыцыі, а жадаючых рызыкаваць мала", - піша выданне.
Былы міністр фінансаў Аляксей Кудрын і эканаміст Яўсей Гурвіч мяркуе, што расейскай эканоміцы не дапамогуць ні манетарныя, ні фіскальныя меры, піша "Украінская праўда".
У аснове хваробы Расеі - паслабленне фактараў рынкавай эканомікі і прыгнечанне канкурэнцыі. Узмацненне ўплыву дзяржавы азначае, што ў расейскай эканоміцы пануюць дзяржаўныя або квазідзяржаўныя прадпрыемствы, чые даходы залежаць не ад гаспадарчай эфектыўнасці, а ад палітычных кантактаў.
Скажонае стымуляванне, а таксама карупцыя і недахоп правоў уласнасці выціснулі паспяховыя кампаніі з рынку, умацаваўшы становішча дзяржаўных фірмаў-паразітаў з неэфектыўным кіраваннем. Падзенне коштаў нафты паказала гэтыя недахопы, а не прычыну іх.
Як тлумачаць Кудрын і Гурвіч, выключны рост Расеі ў перыяд 1998-2008 гадоў быў, у сутнасці, не яе ўласным: яму дапамаглі лёгкія грошы, якія з'явіліся дзякуючы падняццю коштаў нафты і танным крэдытам. Гэта стымулявала спажыванне, за кошт імпарту і павелічэння ўнутранай вытворчасці.
Урад быў заняты пераразмеркаваннем даходаў, а не рэструктурызацыяй або мадэрнізацыяй эканомікі. Прыватныя кампаніі і Крэмль выбралі хуткі прыбытак, а не доўгатэрміновыя інвестыцыі.
Нават у 2009 годзе мэтай урада была мінімізацыя палітычных наступстваў фінансавага крызісу, а не падвышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі.
Цяпер адзіны шлях для Расеі - гэта рэструктурызацыя эканомікі з мэтай аднаўлення ролі рынкаў. 25 гадоў таму гэты пераход стаў магчымы дзякуючы распаду Савецкага Саюза і зменаў у Крамлі.
У завуаляваным звароце да Пуціна Кудрын заяўляе, што цяпер гэта можна зрабіць і ў час яго прэзідэнцтва, але з іншым урадам. Пераканаць прэзідэнта не ўдалося. А пакуль ён разважае над варыянтамі, эканоміка не перастае каціцца ўніз.