Біржавы курс еўра падняўся вышэй за 74 расейскія рублі
4- 26.01.2015, 12:59
- 14,801
Курс еўра на Маскоўскай біржы вырас амаль на 2 руб., курс даляра - больш чым на 1,5 руб.
Курс еўра на Маскоўскай біржы, кошт якога на адкрыцці вырас больш чым на 50 кап., прадаўжае расці. Да 11:00 паводле Менску курс еўра пераваліў за адзнаку ў 74 руб, піша РБК.
На максімуме курс еўра дасягнуў адзнакі 74,026 руб., што на 1,931 руб. вышэй за ўзровень закрыцця таргоў 23 студзеня. Адначасова з гэтым курс даляра вырас да 65,9 руб., што на 1,66 руб. вышэй за ўзровень закрыцця пятнічных таргоў. Зніжэнне курсу рубля звязваюць з абвастрэннем сітуацыі на Украіне і заявамі заходніх лідэраў аб магчымым узмацненні жорсткасці уведзеных супраць Расеі санкцый.
«Узмацненне баявых дзеянняў ва ўсходняй Украіне перад адкрыццём таргоў у Маскве зноў стала асноўным фактарам рызыкі. Баі дайшлі ўжо да Марыюпаля, горад падпадае пад артылерыйскія абстрэлы. Крыніца абстрэлу не ясная, але Захад абвінавачвае ў гэтым сепаратыстаў і Расею, якая падтрымлівае іх. Гэта вядзе як мінімум да захавання накладзеных санкцый і працягу адтоку капіталу з Расеі», - адзначае аналітык «КИТ Финанс» Зміцер Шагардзін.
Прэзідэнт ЗША Барак Абама напярэдадні заявіў, што ЗША працягнуць узмацняць эканамічны ціск на Расею за яе дзеяння на Украіне. «Мы прадоўжым абраны раней курс, накіраваны на ўзмацненне ціску на Расею. Я разгледжу ўсе даступныя нам дадатковыя опцыі, за выключэннем вайсковага супрацьстаяння, для развязання гэтай праблемы», - сказаў ён.
Кошт ф'ючэрсаў на нафту маркі Brent з пастаўкай у сакавіку 2015 падчас сённяшніх таргоў на біржы ICE апускаўся да адзнакі $47,85/бар., што амаль на 2% ніжэй за ўзровень закрыцця учорашніх таргоў. Да 11:10 курс даляра на Маскоўскай біржы складаў 65,7115 руб., што на 1,472 руб. вышэй за ўзровень учорашняга закрыцця, курс еўра - 73,7595 руб., што на 1,6645 руб. вышэй за ўзровень закрыцця таргоў 23 студзеня.
Афіцыйны курс даляра ЗША да рубля, усталяваны Банкам Расеі з 24 студзеня 2015 года, складае 63,393 руб./дал., курс еўра - 71,9067 руб./еўра. На мінулым тыдні часопіс The Economist апублікаваў новую версію «індэкса бігмак», згодна з якім рубель стаіць на 71,5% менш, чым павінен, а таму за адзін даляр цяпер павінны даваць прыкладна 18,5 руб.