15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мабілізацыя рэзервістаў ідзе па ўсёй краіне

118
Мабілізацыя рэзервістаў ідзе па ўсёй краіне

У Беларусі праходзіць незвычайна актыўны заклік рэзервістаў на зборы.

Некаторыя эксперты звязваюць такую актыўнасць беларускага вайсковага ведамства з эскалацыяй канфлiktа ва Украіне. Гэта пацвердзіла і крыніца gazeta.ru у Генштабе. Аднак у афіцыйных паведамленнях міністэрства абароны Беларусі аддае перавагу заяўляць пра пагрозу з боку NATO.

Беларуская правінцыя апошнія некалькі дзён узбударажаная распачатымі масавымі зборамі рэзервістаў. У Менску пакуль зборы не праводзяцца, а вось на перыферыі ідуць больш чым інтэнсіўна. Вядома, напрыклад, што толькі з ваенкамата Ваўкавыскага раёна заклікалі 140 рэзервістаў - гэта можа азначаць, што па ўсёй краіне могуць быць закліканыя блізу 15 тыс. чалавек, пры тым што агульная колькасць узброеных сіл Беларусі складае блізу 50 тыс. чалавек.

У ваенкаматах папярэджваюць: тых, каго не прызвалі на зборы цяпер, могуць выклікаць тэлефонным званком цягам бліжэйшых двух месяцаў.

Калега карэспандэнта выдання, які жыве ў Мазыры, распавёў: «Я два дні быў у камандзіроўцы, а калі вярнуўся, на працы сказалі, што ім з ваенкамата тэлефанавалі ўжо пяць разоў. Патрабуюць мяне на зборы, кажуць, што мабілізацыя рэзервістаў ідзе па ўсёй краіне. Я ісці не хачу - мабыць, прыйдзецца на час з'ехаць у Вільню».

«Позвы ніякай не было - выклікалі ў ваенкамат тэлефонным званком. Паводле закона - маюць права. Пасля рэгістрацыі, калі ўсе сабраліся, мы паехалі з Ваўкавыска на абласны пункт збору ў Горадні. Але нам адразу сказалі, што зборы пройдуць на базе пад Берасцем», - распавёў іншы рэзервіст.

Cайт charter97.org раней апублікаваў ліст аднаго з сваіх чытачоў: "Я жыву ў Ваўкавыску. Сёння раніцай майго знаёмага забралі на нейкія зборы. Прычым позву яму ўручылі ўчора на працы ў аддзеле кадраў, сказалі, што сёння а 7 раніцы ў ваенкамаце прачытаюць лекцыю. А калі ён прыйшоў у ваенкамат, усіх пасадзілі ў аўтобусы і адвезлі ў частку, сказалі: зборы да 35 дзён, і дагэтуль ён знаходзіцца там. Пры гэтым у майго знаёмага дзіця, якое не дасягнула трох гадоў. Паводле яго слоў, разам з ім шмат мужчын, у якіх малалетнія дзеці, ёсць нават бацька, які выхоўвае дзіця-інваліда».

Пра тое ж самае паведамляюць з Берасця: «Шмат каму прыходзяць позвы на тэрміновыя пазачарговыя ваенныя зборы. Позвы прыносяць непасрэдна на працу ці дадому, патрабуюць з'явіцца да 1 лютага. Арганізавалі прызыўны пункт пры Берасцейскім дзяржаўным універсітэце. Акрамя гэтага, заклікаюць усіх хлопцаў, у каго былі хоць нейкія адтэрміноўкі ад войска. Асабліва трасуць тых, хто вучыцца за мяжой».

Практычна ўсе рэзервісты, з якімі ўдалося пагутарыць, як і іх сваякі, упэўненыя, што гэткія масавыя зборы ў аўральным рэжыме звязаны з падзеямі на Украіне.

23 студзеня беларускія вайскоўцы пачалі маштабныя вучэнні. Яны праходзяць адначасова на шасці палігонах: Берасцейскім, Абуз-Лясноўскім, Лепельскім, Гожскім, Асіповіцкім і Барысаўскім.

Як заявіў журналістам начальнік Генеральнага штаба, першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў, перш за ўсё ваенныя адпрацуюць пытанні разгрупавання авіяцыі ВПС і войскаў СПА, а таксама ўзмацненне аховы дзяржмяжы. Далей рушаць услед тактычныя вучэнні, у тым ліку з баявой стральбой.

«Цяпер ідзе планавая баявая і аператыўная падрыхтоўка, падчас якой на гэтым этапе адпрацоўваюцца заняткі па боегатоўнасці, - сказаў Алег Белаконеў. - Плануецца прыцягненне падраздзяленняў сіл спецаперацый, якія будуць адпрацоўваць уласныя спецыфічныя вучэбна-баявыя задачы».

У сваю чаргу, прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі звязвае правядзенне вучэнняў з актывізацыяй краін NATO, у тым ліку з тым, што ў канцы 2014 года назіралася незвычайна высокая актыўнасць краін Балтыі ў мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. «Пры гэтым сумежнымі дзяржавамі дэманструецца імкненне да нарошчвання замежнай вайсковай прысутнасці на нацыянальных тэрыторыях. Разам з узмацненнем авіяцыйнага складніка краін - членаў NATO ў краінах Балтыі, альянс планамерна засяроджвае ля межаў Беларусі дадатковыя воінскія кантынгенты, абсталяваныя цяжкім узбраеннем, - заявілі ў прэс-службе Міністэрства абароны. - Па-за залежнасці ад перадумоў для прыняцця гэтай пастановы нашымі замежнымі партнёрамі Беларусь не мае права ігнараваць змены вайскова-палітычнага становішча ў рэгіёне, якія нясуць у сабе дадатковыя рызыкі, выклікі і пагрозы вайсковай бяспекі».

Аднак заклік рэзервістаў у мінабароны каментаваць катэгарычна адмовіліся.

Між тым многія ў Беларусі звярнулі ўвагу на тое, што вучэнні і зборы рэзервістаў праходзяць да 1 лютага, калі ў Беларусі ўвойдзе у дзеянне новая рэдакцыя закона «Аб вайсковым становішчы». Паводле яго, у прыватнасці, з'яўленне на тэрыторыі краіны вайскоўцаў без апазнавальных знакаў (як, напрыклад, было год таму ў Крыме) будзе прыраўноўвацца да замежнай агрэсіі.

Пад вайсковай пагрозай маецца на ўвазе «ўзнікненне ачагоў узброеных канфліктаў, накіраваных супраць незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі». Акрамя таго, нападам на Рэспубліку Беларусь будзе ўважацца агрэсія супраць любога з сябраў АДКБ - Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (Расеі, Арменіі, Казахстана, Таджыкістана або Кыргызстана). Праўда, не зусім зразумела, як Беларусь павінна будзе дзейнічаць у выпадку, калі адна краіна АДКБ пачне ваяваць з другой.

«У пачатку года ўступілі ў сілу папраўкі ў закон «Аб абароне». Іх важная частка - тое, што ў законе прапісана зусім новае для Беларусі паняцце «тэрытарыяльная абарона», - сказала крыніца ў Генштабе Беларусі. - Гэта не рэгулярныя войскі, іх будуць рыхтаваць па іншай праграме. Асноўная функцыя - як раз не дапускаць вядзення «гібрыднай вайны» у розных рэгіёнах краіны, спыняць такія спробы. Таму і зборы такія маштабныя - падзеі ва Украіне прымушаюць кіраўніцтва краіны рэзка паскорыць падрыхтоўку частак тэрытарыяльнай абароны».

Напісаць каментар 118

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках