Украінскія СМІ: Лукашэнка шукае ў асобе Парашэнкі адваката ў Еўропе
18- 29.01.2015, 8:51
- 30,563
Менск разлічвае, што прэзідэнт Украіны стане ягоным адвакатам у Брусэлі.
Пра гэта піша ўкраінскае выданне «Деловая столица». Прыводзім тэкст артыкула «Навошта Лукашэнку наша грыўня» цалкам:
- Заявіўшы пра магчымасць пастаўляць тавар ва Украіну за грыўні, Беларусь нічога не страціць, затое можа знайсці ў асобе Парашэнкі адваката ў Еўропе. У канцы мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго краіна гатовая гандляваць з РФ толькі за цвёрдую валюту - даляры і еўра. Практычна адначасова з заявай правадыра прагучала іншая рэзанансная дэкларацыя. Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка ў адным з інтэрв'ю адзначыў, што «шэраг беларускіх прадпрыемстваў, якія маюць доўгатэрміновыя ўгоды на набыццё ва Украіне матэрыялаў, камплектуючых і іншых тавараў, сёння часткова пераходзяць у разліках на грыўню, нягледзячы на пэўныя рызыкі».
Лаяльнасць суседзяў нібыта звязана з вострым дэфіцытам цвёрдай валюты ў нашай краіне, якая з'яўляецца для беларусаў важным гандлёвым партнёрам. Таваразварот паміж краінамі за студзень-лістапад 2014 года склаў $5,2 млрд. «Няпростая сітуацыя на ўкраінскім валютным рынку і цяжкае фінансавае становішча некаторых украінскіх контрагентаў паставіла перад беларускімі прадпрыемствамі выбар: альбо перайсці ў разліках на грыўню, альбо сысці з гэтага рынку. Для пастаўшчыкоў прадукцыі беларускага машынабудавання (грузавыя аўтамабілі, трактары, сельгастэхніка) і дрэваапрацоўкі было важней застацца на ўкраінскім рынку і па магчымасці нават пашырыць на ім сваю прысутнасць», - кажа аналітык кампаніі «Альпары Беларусь» Вадзім Іосуб.
Больш за 80% імпарту з Беларусі ва Украіну прыпадае на нафту і нафтапрадукты, расплачвацца за якія наша краіна павінна толькі ў далярах. Таму пры разліках з партнёрамі айчынныя прадпрыемствы могуць заплаціць ім грыўнямі толькі суму, эквівалентную $0,5 млрд у год
Праўда, нескладаныя падлікі паказваюць, што доля разлікаў ва ўкраінскай валюце не можа быць значнай. За 11 месяцаў 2014 таварны імпарт з Беларусі ва Украіну склаў $3,7 млрд (7,4% агульнага таварнага імпарту). Пры гэтым наш экспарт у Беларусь - толькі $1,5 млрд (3% агульнага таварнага экспарту). «Відавочна, што ў Беларусі няма ніякай цікавасці назапашваць у сябе ўкраінскую валюту. За атрыманыя грыўні яны будуць закупляць тавары ва Украіне. Гэта значыць, што аб'ём разлікаў у грыўнях не павінен перавысіць агульны аб'ём экспарту Украіны ў Беларусь - гэта значыць не больш эквівалента $1,5 млрд у год, ці не больш за 40% украінскага імпарту з Беларусі», - мяркуе кіраўнік аналітычнага аддзела Concorde Capital Аляксандр Парашчый. Гэтая лічба апынецца яшчэ меншай, калі ўспомніць пра структуру імпарту з Беларусі ва Украіну: больш за 80% прыпадае на нафту і нафтапрадукты, расплачвацца за якія Украіна павінна толькі ў далярах. Таму пры разліках з партнёрамі айчынныя прадпрыемствы могуць заплаціць ім грыўнямі толькі суму, эквівалентную $0,5 млрд у год, што наўрад ці з'яўляецца сур'ёзнай эканоміяй.
Заявы Менска маюць хутчэй палітычную падаплёку. Лукашэнка ўжо даўно рыхтуе плацдарм для паляпшэння стасункаў з Еўразвязам. Пра гэта сведчыць і аднаўленне працы беларускіх мытнікаў на мяжы з РФ, і пачатак перамоваў аб атрыманні бязвізавага рэжыму з краінамі - членамі ЕЗ, і праславутая заява Лукашэнкі аб адмове гандляваць за расейскія рублі. Што тычыцца лаяльнасці Беларусі да ўкраінскіх гандлёвых партнёраў, то яна мае цалкам меркантыльныя мэты. Пакуль да голасу Парашэнкі прыслухоўваюцца ў Еўропе, Менск можа пайсці на шматлікія саступкі ў разліку, што ўкраінскі прэзідэнт закіне за яго слова ў Брусэлі. Зрэшты, ва ўзаемадачыненнях з Расеяй Лукашэнка таксама не схільны спальваць масты. Насуперак рэзананснай заяве аб пераходзе ў разліках з Расеяй на СКВ, практычныя крокі ў гэтым кірунку зроблены не былі.
«Большая частка разлікаў Беларусі з Расеяй ідзе ў расейскіх рублях», - сцвярджае Вадзім Іосуб. Выключэнне складаюць толькі энэрганосьбіты (нафта, газ, электраэнэргія), якія Беларусь набывае ў Расеі па доўгатэрміновых кантрактах за амерыканскую валюту.