Аўрал перад прыездам «нармандскай чацвёркі» ў Менску (Відэа)
21- 11.02.2015, 12:23
- 34,638
У Менску на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў напярэдадні ў аўральным парадку зразалі гурбы снегу і вычышчалі праезную частку.
Так горад рыхтаваўся да прыезду лідараў Украіны, Францыі,Нямеччыны і Расеі. Паркоўка ў цэнтры горада ў сераду забароненая.
Як паведамляе «Радыё Свабода», прыбіральшчыца Аліна працуе ў брыгадзе, якая адказвае за чысціню бульвара Талбухіна, што выходзіць на праспект Незалежнасці. У аўторак Аліна працавала зранку і практычна без перапынку, апоўдні толькі на хвілінку прысела ў скверыку на лаўку адпачыць. Журналіст спытаў, чаму так аўральна прыбіраюць, а яна тут жа ўскочыла са словамі: «Нам жа нельга сядзець!»
Аліна таксама пацвердзіла назіранні наконт вышыні гурбаў - сапраўды, уздоўж праспекта яны не павінны быць вышэй за 10 сантыметраў, і брыгадам прыбіральшчыкаў паставілі менавіта такую задачу: зрэзаць гурбы, вычысціць ад снегу бардзюры, вымесці да бляску плітку на прыпынках транспарту:
«Загад там, каб калі людзі хадзілі, і іх было б відаць і яны б усе бачылі. Вось і прыбіраем, каб усё было роўненька і акуратненька. Нам і самім потым лепш будзе, ды і снегу ў гэтым годзе мала, не цяжка. Зранку нам дапамагаў пагрузчык, а потым паехаў іншым брыгадам дапамагаць».
Пра тое, што загад зрэзаць вышыню гурбаў можа быць звязаны з патрабаваннямі бяспекі падчас саміту ў Менску, жанчыны, як яны кажуць, не задумваліся: «Што нам той саміт, ён будзе на Арлоўскай. А мы заўсёды прыбіраем».
І насупраць Нацыянальнай бібліятэкі, і на павароце з праспекта на вуліцу Валгаградскую, і на плошчы Калініна - тая ж сітуацыя: побач адзін, а то і два МАЗы плюс жоўты пагрузчык або трактар «Беларус», у коўш якога людзі ў жоўтай або зялёнай спецвопратцы рыдлёўкамі закідаюць снег, зрэзаны з гурбаў. Пры кожнай брыгадзе, як правіла, начальнік, які звычайна і сам адмаўляецца размаўляць з журналістамі, і падначаленым загадвае маўчаць.
Таксама ў светлы час дня спецтэхніка проста «вылізвае» праезную частку праспекта Незалежнасці, уключна з выспачкамі бяспекі. Нават калі на дарозе зусім не засталося снегу, машыны са шчоткамі хадзілі туды-сюды да вечара.
На плошчы Свабоды і далей уздоўж праспекта Пераможцаў, на вуліцы Арлоўскай насупраць палаца Незалежнасці назіралася тая ж сітуацыя - брыгады прыбіральшчыкаў з рыдлёўкамі і венікамі, ім у дапамогу - грузавікі, трактары і пагрузчыкі.