Польшча адновіць пастаўкі газу ва Украіну
1- 12.02.2015, 14:48
- 8,923
Сёння праз Польшчу ва Украіну плануецца прапампаваць 107 тысяч кубамэтраў газу пры тэхнічнай магчымасці 4 млн кубамэтраў.
Украінскі "Нафтагаз" мае намер аднавіць пастаўкі газу праз Польшчу, спыненыя ад пачатку 2015 года. Пра гэта сведчаць звесткі аператара польскай газатранспартнай сістэмы Gaz System, якімі валодае УНІАН.
Прэс-сакратар Gaz System Малгажата Палкоўска паведаміла, што польская кампанія не абмяжоўвала аб'ёмы паставак газу ва Украіну, якія рэалізуюцца на так званай "нясталай падставе" і могуць у кожны момант быць зменшаныя ў выпадку тэхнічнай патрэбы.
"Тэхнічных праблем няма. Такую колькасць замовіў кліент", - адзначыла яна.
Як паведамляў дырэктар развіцця бізнэсу НАК "Нафтагаз Украіны" Юрый Вітрэнка на пачатку лютага, Украіна разлічвае аднавіць рэверсныя пастаўкі газу на маршруце з Польшчы ў тэставым рэжыме найбліжэйшым часам.
Польшча стала першай краінай, з якой Украіна пачала пастаўляць газ з Еўропы (яшчэ ў канцы 2012 года), яна валодае самымі меншымі магчымасцямі паставак у параўнанні з Славаччынай і Вугоршчынай, праз тэрыторыю якіх можна прапампаваць у некалькі разоў большы аб'ём газу.
З 15 красавіка мінулага года, калі "Нафтагаз" аднавіў пастаўкі газу праз Польшчу, гэтым маршрутам ён прапампаваў блізу 900 млн кубамэтраў газу або у сярэднім 3,5 млн кубамэтраў штодня.