Der Spiegel: Пуцін пасля Менска адчувае сябе пераможцам
9- 13.02.2015, 15:37
- 24,151
Канцлерка Нямеччыны і прэзідэнт Францыі забяспечылі яму гэтую перамогу.
Пра гэта гаворыцца ў артыкуле Себасцьяна Фішэра пад назвай «Захаду неабходная стратэгія», апублікаваным на сайце нямецкага выдання Der Spiegel, паведамляе УНІАН.
«Пасля доўгай ночы перамоваў у Менску Уладзімір Пуцін можа адчуваць сябе пераможцам, - гаворыцца ў ёй, - канцлерка Нямеччыны і прэзідэнт Францыі забяспечылі яму гэтую перамогу. Гэта не крытыка, усё ў парадку. Калі такім чынам атрымаецца дасягнуць спынення агню, то гэта таго каштавала.
Толькі Захад павінен цяпер быць гатовы да таго, што Пуцін не стане ў імгненне вока Князем міру. Ён не будзе прытрымлівацца першага радку Менскай дэкларацыі: там гаворка ідзе пра «поўнае прызнанне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».
Гэта жарт. І ўсе ўдзельнікі гэта ведаюць. Кожны раз, калі, здавалася, сітуацыя ва Украіне стабілізавалася, Уладзімір Пуцін распальваў канфлікт. Яго мэта палягае ў пастаяннай дэстабілізацыі краіны. З дапамогай хлусні і выкрутаў ён шмат чаго дамогся ў гэтым канфлікце. І не стане гэтага мяняць.
Таму Захад цяпер павінен знайсці стратэгічны адказ. Дыпламатычныя спробы Мэркель вартыя найвышэйшай хвалы; але для таго, каб усё гэта не выглядала як бязмэтная блытаніна, каб Пуцін не выкарыстаў гэта, і дэмакраты ў Кіеве не слабелі, Захад павінен быць на крок наперадзе. А для гэтага патрэбныя Злучаныя Штаты, гэта паказала і апошняя ноч у Менску».
Да гэтага часу, прэзідэнт ЗША забяспечваў лідарства канцлерцы. Прычына стрыманасці, перш за ўсё, у тым, што Абама не хоча даваць Пуціну нагоду ператварыць гэты крызіс у амерыканска-расейскі канфлікт.
«Але Абама павінен цяпер рызыкнуць. Улады Мэркель не дастаткова, каб забяспечыць мір. Таму прэзідэнт ЗША павінен рашуча ўмяшацца, бо ў адваротным выпадку абмеркаванне ў ягонай краіне выйдзе з-пад кантролю і, у канчатковым выніку, пастаўкі зброі украінскаму ўраду будуць здавацца адзіным выхадам. Дык што ж рабіць?
Паказаць цвёрдасць, паслядоўнасць: Захад павінен трымаць сваё слова, і не даваць абяцанняў, якія потым не зможа выканаць. Прыклад: незадоўга да вайны ў Грузіі ў 2008 годзе ЗША гарантавалі краіне сваю падтрымку. Пуцін адчуў гэта, амерыканцы не ўмешваліся.
Зрабіць больш жорсткімі санкцыі: Калі Пуцін і ў гэты раз не саступіць, то трэба звярнуцца да значна больш хваравітых мер, такіх як адключэнне расейскіх банкаў ад міжнароднай аплатнай сістэмы Swift.
Істотная эканамічная дапамога Украіне: Як калісьці Заходні Берлін, так цяпер і заходняя частка Украіны магла б стаць акном да свабоды.
Раптоўнасць замест стрымлівання: тое, што Пуціна трэба стрымліваць, з'яўляецца памылковым меркаваннем Захаду. Кіраўнік Крамля дзейнічае не з жадання заваёў, а з пачуцця пагрозы. Фактычна, гэта, можа быць, трызненне, але гэта ягоны светапогляд. Стрымліванне (і пастаўка зброі) можа, таму, прывесці да новай эскалацыі. Замест гэтага, Захад павінен пайсці насуперак чаканням Пуціна, а не гуляць у ягоныя (ваенныя) гульні»
Для гэтай праграмы самі еўрапейцы занадта слабыя, але разам з амерыканцамі, гэта магчыма. Тады ў Захаду, імаверна, найбліжэйшым часам з'явіцца стратэгія, мяркуе журналіст.