Генадзь Фядыніч: Закон аб «дармаедах» - бяда і слабасць улады
18- 19.02.2015, 21:26
- 30,851
Калі б у краіне было выгадна працаваць, «дармаедаў» не было б.
Барацьба з «дармаедамі» з'яўляецца пачаткам вялікай кампаніі ўладаў. Дзяржаўныя органы маюць намер зрэалізаваць цэлы комплекс мерапрыемстваў, каб знізіць дзель схаванай эканомікі. Будзе скарочанае наяўнае абарачэнне, будуць уведзеныя тарыфы на інкасацыю, будзе ўведзеная забарона на выкарыстанне спрошчанага падаткаабкладання для асобных прадпрыемстваў, будзе праведзеная барацьба з заробкамі «ў канвертах», будзе ўведзенае дэклараванне даходаў сям'і ды іншае. Старшыня прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч у інтэрв'ю charter97.org выказаў меркаванне пра тое, што ўлады такім чынам хочуць знайсці тых, хто «прыгожа жыве» і выкарыстоўваць іх у мэтах прапаганды.
- Ініцыятыва наконт дармаедаў - гэта не праект закона, а кампанейшчына. Закон аб дармаедстве, канфіскацыя элітнага жылля за запазычанасць - гэта ўсё таму што не стае ў бюджэце грошай, і ўлады не ведаюць, дзе іх узяць. У эканоміцы ж узяць няма адкуль! Застаецца адная крыніца - людзі, - сказаў ён.
- Што будуць рабіць тыя, хто падпадаюць пад вызначэнне «дармаед» у Беларусі?
- Цяпер людзі пойдуць хто ў іпэшнікі, хто ўкладзе дамову на выкананне прац, каб гэты закон не парушаць. Але для чаго гэта робіцца? Для таго, каб прымусіць людзей працаваць бясплатна.
- Супраць каго накіраваная гэтая ініцыятыва?
- Гэта робіцца для таго, каб выявіць сотні тых, хто ніхто не працуе і прыгожа жыве - але ж гэта не працоўны клас, гэта зусім іншая катэгорыя грамадзян. Калі гэта накіравана супраць тых, хто працуе за мяжой - дык якія ж яны дармаеды? Яны дадому грошы прывозяць, тут усё аплачваюць, плацяць падаткі і купляюць тавары ў крамах. Я скажу, што такога сур'ёзнага беларускага маніторынгу для таго, каб выдаваць такія законы я нідзе не бачыў. Калі ён тычыцца групы ў тысячу чалавек, дык калі ласка... У гэтым улада магла б разабрацца і без законаў, для гэтага існуюць іншыя нарматыўныя акты.
- А каго закон закране напраўду?
- Я баюся, што гэта наадварот цяпер закране тых, хто сапраўды атрымлівае заробак у канвертах. Але ж улады павінны даць магчымасць прыватнаму бізнэсу пускаць грошы на «белы» заробак, каб чалавек потым змог атрымаць пенсію. А калі закон накіраваны на тое, каб паказаць па БТ «дармаеда» з супер-катэджамі або аўтамабілямі, маўляў, мы яго аштрафавалі, пасадзілі і гэта канфіскавалі - гэта ж прапаганда, гэта не праца! Калі такія законы з'яўляюцца - гэта бяда і слабасць улады. Трэба, каб у краіне было працаваць выгадна, для гэтага трэба ствараць варункі, тады і не будзе ніякіх дармаедаў.