26 снежня 2024, Чацвер, 20:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерыя Хоціна: З суда над Мікалаем Дзядком зладзілі пэрформанс

6
Валерыя Хоціна: З суда над Мікалаем Дзядком зладзілі пэрформанс

Уся сям'я трымалася на судзе бадзёра, бо ўсе ведалі, што менавіта так усё і скончыцца.

Пра гэта charter97.org распавяла жонка палітвязня Мікалая Дзядка, якому прысудзілі дадатковы год зняволення, Валерыя Хоціна. Яна мяркуе, што ўсё да гэтага ішло, таму прадбачыць вынік справы было нескладана. З суду зладзілі паказ, а напраўду справядлівасці ад фармату суда не дадалося.

- Для мяне гэта не было сюрпрызам. Мы ўсе гэтага і чакалі. І Коля, і бацькі. Бо раней ужо быў такі ж прэцэдэнт са Змітром Дашкевічам. І гэтым разам гэта было пагатоў прадказальна.

- Як прайшоў суд?

- З суду зрабілі цэлы пэрформанс. Вельмі было ўсё лібэральна: усіх пусцілі - і сваякоў, і іншых зняволеных, суддзя задавальняў усе хадайніцтвы, якія толькі было магчыма. Хадзілі разглядаць камеру следчага ізалятара, туды пусцілі цэлую працэсію. Начальнік дазваляў усё тое, што зазвычай не дазваляецца. Мы нават сумеліся ад таго, што ўсё было так эпатажна.

У цэлым, нашы здагадкі пацвердзіліся. Некаторыя, можа, яшчэ і мелі надзею на тое, што ну, раз усё так прыгожа і лібэральна выглядае, то можа быць і прысуд будзе справядлівым, але цуду не здарылася. Практыка паказвае, што абсалютна ўсё адно, якім чынам праходзіць суд, якія выстаўляюцца довады і якія былі парушэнні. Год - ён ёсць год...

- Мяркуючы з такога выраку, яны не здалелі Мікалая зламаць.

- Я таксама гэтак думаю. Ён неаднаразова ў часе працэсу пра гэта сам казаў і паўтараў суду тое, што яму надаецца заўсёдная падвышаная ўвага, і на яго ідзе ціск з боку адміністрацыі. Але ён таксама разумее, што ціск адбываецца не з іхняй ініцыятывы, а ад вышэйшых структур, якім у сваю чаргу паступае загад ад іншых людзей.

- Што вы адчуваеце? Напэўна, цяжка было перажыць гэты дзень?

- У цэлым я скажу, што мне, вядома, непрыемна і крыўдна, але раз мы да гэтага рыхтаваліся, мне гэта было трошкі прасцей прыняць. Пра Колю таксама было не сказаць, што яго гэта знэрвавала, ён не звяў, не зламаўся. А ў пракуроркі наадварот быў шок, калі яна бачыла, як Коля з адвакатам перамаўляюцца, жартуюць, смяюцца падчас перапынку, як і мы з бацькам. Там не было ніякіх гістэрык, якія яна чакала ўбачыць з нашага боку. Яна проста сядзела, ківала галавой і, напэўна, думала, што калі можна б было тры гады даць, трэба было даць тры, а то інакш мы «не дапялі».

Нагадаем, Мікалай Дзядок павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 года ў сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання. Учора ён быў прысуджаны да яшчэ аднаго году зняволення.

Праваабаронцы адзначаюць, што за апошнія месяцы ўлады Беларусі ўзмацнілі рэпрэсіі супраць апазіцыі, журналістаў і прадпрымальнікаў. З'явіліся новыя палітвязні, пачасціліся прэвентыўныя арышты грамадскіх актывістаў, прыняты шэраг новых рэпрэсіўных законаў у дачыненні да СМІ, пачасцілася блакаванне незалежных сайтаў, узмацніўся ціск на дробны бізнэс. Экспэрты звязваюць узмацненне рэпрэсій з тым, што шмат якія еўрапейскія чыноўнікі заплюшчваюць вочы на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі і спрабуюць наладзіць «дыялог» з дыктатарам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках