15 лiстапада 2024, Пятніца, 18:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенатары ЗША просяць Абаму даць Украіне смяротную зброю

7
Сенатары ЗША просяць Абаму даць Украіне смяротную зброю

Група заканадаўцаў накіравала прэзідэнту ліст, у якім прызнала, што стрымаць Пуціна ва Украіне з дапамогай санкцый, відавочна, не атрымаецца.

Пятнаццаць амерыканскіх сенатараў, якія прадстаўляюць абедзве палітычныя партыі, заклікалі прэзідэнта Барака Абаму і NATO пашырыць вайсковую дапамогу Украіне, уключыўшы ў яе смяротную зброю.

На іх думку, гэта неабходна, паколькі стрымаць Расею можна толькі супрацьпаставіўшы ёй «пераканаўчы супраціў», паведамляе «Голас Амерыкі».

«Грэблівае стаўленне Расеі да ўстояных міжнародных нормаў - гэта беспасярэдняя пагроза еўрапейскай сістэме бяспекі, якая існуе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, а таксама дэмакратычным памкненням украінскага народа. Нельга дазволіць ёй дасягнуць поспеху», - указваюць сенатары ў лісце прэзідэнту, складзеным на ініцыятыву рэспубліканца Роба Портмана і дэмакрата Дзіка Дзербіна.

«Мы ўважаем, што прыйшоў час павялічыць вайсковую дапамогу Украіне і заклікаем ЗША і NATO дзейнічаць хутка», - працягваюць заканадаўцы.

Яны адзначаюць, што, нягледзячы на ўвядзенне амерыканскіх і еўрапейскіх санкцый і ўзмацненне міжнароднай ізаляцыі, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін гатовы «паставіць на кон эканоміку і пазіцыі сваёй краіны ў свеце» дзеля прадаўжэння вайсковага ўварвання на тэрыторыю іншай краіны.

«Ягоная гатоўнасць пайсці на гэтак эгаістычны крок коштам свабоды, памкненняў і талентаў расейскага народу толькі ўзмацняюць трагічнасць сітуацыі, - гаворыцца далей у лісце. - Такога небяспечнага міжнароднага задзіраку можна супакоіць толькі супрацьпаставіўшы яму пераканаўчы супраціў».

Сенатары паказалі, што працуючы разам з хаўруснікамі NATO, ЗША павінны рэалізоўваць комплексную стратэгію падтрымкі Украіны ў стрымліванні расейскай агрэсіі, і садзейнічаць стабілізацыі ў рэгіёне.

«На жаль, толькі санкцыямі, стрымаць Пуціна, імаверна, не ўдасца, - падкрэсліваюць яны. - Украіне патрэбныя неадкладныя пастаўкі эфектыўнага абарончага вайсковага абсталявання і фінансавай дапамогі, каб перашкодзіць непрыхаваную агрэсію Пуціна. Абарончая вайсковая дапамога ў выглядзе супрацьтанкавай зброі, супрацьбатарэйных радараў, браняваных усюдыходаў Humvee, а таксама ўзмацненне прафесійнай падрыхтоўкі маюць вызначальнае значэнне для таго, каб Украіна здабыла неабходны патэнцыял для абароны сваёй тэрыторыі і грамадзян».

Акрамя Портмана і Дзербіна ліст падпісалі сенатары Крыс Мэрфі, Шэрад Браўн, Джон Бароса, Рычард Блументаль, Джон Макейн, Біл Нэльсан, Джын Шахін, Барбара Баксёр, Марк Кірк, Бэн Кардзін, Марка Рубіо, Джо Данелі і Кэлі Эйот.

Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі паведаміў журналістам у панядзелак на ўмовах ананімнасці, што Белы дом пераглядае свой падыход да ўкраінскага канфлікту, але ніякіх пастаноў аб пастаўках смяротнага зброі пакуль не прынята.

ЗША надаюць Украіне дапамогу несмяротнага характару, уключаючы бронекамізэлькі і прыборы начнога бачання.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках