Крыніца ў МЗС Украіны: ЕЗ плануе зняць санкцыі з дзяцей Януковіча
11- 4.02.2015, 15:47
- 14,034
Абмежаванні што да некаторых экс-чыноўнікаў і іхных сваякоў, хутчэй за ўсё, будуць знятыя.
Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве замежных спраў.
З яе слоў, украінская пракуратура за апошні месяц правяла працэсуальныя дзеянні, якія Еўразвяз чакаў з сакавіка мінулага года. Гэта дазволіць пазбегнуць зняцця арышту з актываў шэрагу службовых асобаў, Кіеў ужо перадаў неабходныя дакументы ў Брусэль.
Як вядома, ЕЗ увёў абмежаванні ў выглядзе арышту актываў тэрмінам на год, 9 сакавіка 2015 г. аўтаматычна заканчваецца тэрмін іх дзеяння. Каб прадухіліць зняцце абмежаванняў, Рада ЕЗ прыняла новую пастанову аб падаўжэнні арышту рахункаў былых украінскіх чыноўнікаў.
"Яшчэ ў снежні пад пагрозай зняцця санкцый былі 12 чалавек (большасць з 22 прадстаўнікоў былой улады, супраць якіх былі ўведзеныя санкцыі пастановай Рады ЕЗ 9 сакавіка). У рэшце рэшт, як мы чакаем, ЕЗ здыме санкцыі з 3-4 чалавек", - заявіў дыпламат.
Крыніца назвала імёны тых, з каго, хутчэй за ўсё, будуць знятыя санкцыі.
"Вельмі дрэнная сітуацыя з доказамі супраць Ігара Калініна (кіраўнік СБУ ў 2012-2013 гадах, дарадца прэзідэнта), Аляксандра Якіменкі (кіраўнік СБУ ў 2013-2014 гадах), Януковіча-малодшага (Віктар Януковіч, сын экс-прэзідэнта, народны дэпутат у 2006 -2014 гадах), Азарава-малодшага (Аляксей Азараў, сын экс-прэм'ера, народны дэпутат у 2012-2014 гадах). Тут рызыка зняцця санкцый высокая... Ёсць таксама пэўныя складанасці з Аленай Лукаш і Андрэем Партновым (экс-кіраўніца Мінюста і намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, куратар юрыдычнага кірунку)", - адзначыў ён.
У падоўжаных санкцыях можа быць змененая фармулёўка прэтэнзій што да некаторых службовых асобаў - раней да ўсіх былі вылучаныя ідэнтычныя абвінавачванні ў растраце дзяржаўных сродкаў і вывадзе іх за мяжу.
Нагадаем, у канцы мінулага года Брусэль паведаміў Кіеву, што рыхтуецца зняць санкцыі з шэрагу экс-чыноўнікаў уключна з экс-кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта і першым віцэ-прэм'ерам Андрэем Клюевым, бо Кіеў не вядзе расследаванне іх дзейнасці. Агульная колькасць службовых асоб, якія трапілі ў "групу рызыкі", дасягала 15 чалавек, паведамлялі некаторыя крыніцы.