15 лiстапада 2024, Пятніца, 21:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Chicago Tribune: Беларускі рубель - самая абясцэненая валюта свету

30
Chicago Tribune: Беларускі рубель - самая абясцэненая валюта свету

Найбольш абясцэненаю валютаю свету сёлета называюць «рубель». Але ён не расейскі.

Гэта валюта Беларусі - краіна, якой усе вялікія нязручнасці дастаўляе яе празмернае сяброўства з Расеяй. Эканамічныя цяжкасці, з якімі яна сутыкнулася, паказваюць, што Еўразійскі эканамічны саюз, пабудаваны па ўзоры ЕЗ з цэнтрам у Расеі і ўважаны Уладзімірам Пуціным у якасці частковай рэінкарнацыі Савецкага Саюза, не прыносіць сваім сябрам адчувальнай выгады, піша Chicago Tribune (пераклад UDF.by) .

З пачатку года расейскі рубель абясцэніўся да даляра ЗША на 10%, але гэта нішто ў параўнанні з дэвальвацыяй беларускага рубля на 27,9% за такі ж перыяд. 9 студзеня Нацыянальны Банк Беларусі змяніў правілы ўстаноўленага абменнага курсу. Беларускі рубель цяпер прывязаны да мультывалютнага кошыку, які на 40% складаецца з расейскага рубля, на 30% - з даляра ЗША і яшчэ на 30% - з еўра. Гэта, на думку Нацбанка, дазволіць захаваць станоўчы баланс куплі-продажу замежнай валюты ў сярэднетэрміновай перспектыве. Рэгулятар таксама павысіў стаўку рэфінансавання з 5% да 25%, што не моцна паўплывала на тэмпы дэвальвацыі.

А вось як Аляксандр Лукашэнка растлумачыў такую палітыку на прэс-канферэнцыі 29 студзеня:

«Людзі, усё залежыць ад вас. Калі вы пачняце бегаць па абменніках і прадаваць гэтыя няшчасныя рублі за цвёрдую валюту, мы не будзем чакаць, пакуль Нацбанк выдаткуе ўсе свае валютныя рэзервы. Вы - і хатнія гаспадаркі, і прадпрымальнікі - вымусілі нас у нейкай ступені апусціць курс рубля. І гэта тое, што мы вымушаны былі зрабіць. Дык чаго вы ад мяне хочаце? Я нават не стаў вас, насельніцтва, прасіць спыніцца, бо ведаў, што вы як сапраўдныя беларусы, не паслухаецеся. І вы разышліся... Летась вы завезлі ў краіну 60 тысяч аўтамабіляў!... У асноўным, з Расеі. Вы вывезлі з Масквы і Санкт-Пецярбурга ўсё, што змаглі».

Для чалавека з боку гэта можа выглядаць дзіўна: як звязаны продаж аўтамабіляў у суседняй краіне і дэвальвацыя валюты. Але змена валютнай палітыкі Беларусі, чые рэзервы на 1 студзеня склалі ўсяго $5 млрд, трэба разглядаць у шырокім кантэксце бесперапыннай валютнай вайны з яе вялікім суседам - Расеяй.

Праз тое, што Беларусь уваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз - пуцінскі праект гандлёвага альянсу, які аб'ядноўвае Арменію, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расею - яна ніяк не абароненая ад эканамічнага шторму, што бушуе сёння ў Расеі. За апошнія пяць тыдняў 2014 г. расейскі рубель страціў амаль чвэрць свайго кошту да даляра. Кошты на аўтамабілі і прадметы раскошы не маглі ўгнацца за хуткімі тэмпамі падзення рубля. Расейцы стаялі ў бязмежных чэргах за электронікай і спусташалі склады «Паршэ» і «Лексус».

Калі беларусы таксама ўзялі ўдзел у гэтым пакупальніцкім буме, як гэта сцвярджае Лукашэнка, яны павінны былі купляць расейскія рублі ці даляры да паездкі ў Маскву або Санкт-Пецярбург. І ўсяго некалькі тысяч такіх аперацый ужо сталі трывожным сігналам для беларускага Нацбанка, які валодае гэткімі малымі рэзервамі.

Вядома, гэта яшчэ не ўся гісторыя. Больш за 40% беларускага экспарту прыпадае на Расею, а яго канкурэнтаздольнасць падтрымліваецца слабасцю нацыянальнай валюты ў дачыненні да расейскага рубля. Калі расейскі рубель паваліўся, Беларусь была вымушаная адрэагаваць, каб не даць выціснуць свае тавары з рынку Расеі.

Беларусь губляе сваю незалежнасць. У 1990-х доля Расеі ў беларускім экспарце перавышала 80%, але Лукашэнка з усіх сіл імкнуўся нарошчваць гандаль з ЕЗ (нягледзячы на асабістыя візавыя санкцыі, накладзеныя за парушэнні правоў чалавека): на Еўропу сёння прыходзіцца 30% экспарту з Беларусі. Расея, тым не менш, застаецца яе асноўным гандлёвым партнёрам, і тамтэйшы эканамічны крызіс прывёў да скарачэння экспарту беларускіх грузавікоў і сельскагаспадарчай тэхнікі на 20% летась. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прадказвае скарачэнне эканомікі Беларусі на лета на 1,5%.

Хоць Расея моцна ўтрымлівае Беларусь у сферы свайго ўплыву, прадаючы ёй газ коштам $134 за 1000 куб.м. (кошт для Украіны - $ 329), дэвальвацыя беларускай валюты стымулюе высокую інфляцыю, памяншаючы тым самым выгады ад газавых субсідый. Летась спажывецкія кошты ў Беларусі выраслі на 16%, а лічба ў 12%, што прагназуецца ўрадам сёлета, ужо цяпер выглядае абсалютна нерэалістычнай.

Пакуль пад уплывам нафтавага буму расейская эканоміка расла, ідэя цеснай дружбы Беларусі з Расеяй выглядала цалкам удала. Але не цяпер. Да таго ж, пасля расейскай анэксіі Крыму, у Лукашэнкі ўсялілася асцярога, што непавага Пуціна да суверэнітэту постсавецкіх краін, прывядзе да абвяшчэння Беларусі часткай Расеі. Ён ужо заявіў, што Украіна павінна была змагацца за Крым, і такія словы не былі прынятыя Масквой з ухвалой. Гэтак жа як і за ягоную адмову далучыцца да расейскага эмбарга еўрапейскіх прадуктаў. Такі крок б звёў да нуля ўсякі эфект ад намаганняў Лукашэнка выбудаваць дзелавыя стасункі з Еўропай.

Беларускі дыктатар можа казаць, што не верыць у магчымасць расейскага ўварвання (прынамсі, пакуль Расея на ўсю моц занятая Украінай), але яго занепакоенасць відавочная. У канцы студзеня Беларусь ўнесла змены ў свой закон аб вайсковым становішчы. Цяпер у ім ўлічваецца імавернасць гібрыднага ўварвання, якое ажыццяўляецца сёння Расеяй ва Украіне.

Але гэта яшчэ не значыць, што Беларусь сур'ёзна мае намер вырвацца з жалезнай хваткі Расеі. Лукашэнка досыць разумны, каб разумець, што Захад ніколі не прыме яго метадаў кіравання краінай. (Сёлета яго, хутчэй за ўсё, «абяруць» на пяты тэрмін.) І улічваючы стан беларускай эканомікі, з яе савецкімі метадамі кантролю коштаў і абмежаванай свабодай прадпрымальніцтва, пераарыентацыя гандлёвых патокаў ў бок ад Расеі выглядае неарэалістычнаю.

Агулам, сённяшнія праблемы Беларусі з'яўляюцца нагляднай ілюстрацыяй рызык, якія павінны ўлічваць постсавецкія краіны, што разважалі пра ўступленне ў пуцінскі Еўразійскі эканамічны саюз. Нават калі Украіна ніколі не стане сябрам Еўразвязу, яе адмова ад сяброўства ў ЕЭС была правільнай пастановаю. Мець занадта цесныя палітычныя і эканамічныя сувязі з Расеяй залішне небяспечна. Прынамсі, пакуль у Крамлі сядзіць Пуцін, а дабрабыт Расеі залежыць ад зменлівых коштаў на энэрганосьбіты.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках