Ананіч: Міністэрствам вядзецца дзейнасць для абмежавання шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў
41- 6.02.2015, 16:23
- 35,166
У Беларусі створаная «прававая база для кантролю за распаўсюджванай СМІ інфармацыяй».
Аб гэтым паведаміла сёння на калегіі Міністэрства інфармацыі Беларусі кіраўніца міністэрства Лілія Ананіч, паведамляе БелТА.
З уваходам у дзеянне з 1 студзеня 2015 года ў Беларусі закона аб СМІ створаная дзейсная прававая база, якая дазваляе прыцягваць да адказнасці інтэрнэт-СМІ за распаўсюджванне неналежнай інфармацыі.
Ужо сёння міністэрствам вядзецца дзейнасць для абмежавання шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў. І часта інфармацыя паступае ад грамадзян, якія звяртаюцца ў інфармацыйнае міністэрства, запэўнівае міністарка інфармацыі.
Са слоў Ліліі Ананіч, сёння «вельмі важна ўсім сродкам масавай інфармацыі працаваць над падачай у інтэрнэт-асяроддзі». Яна звярнула ўвагу, што большасць друкаваных сродкаў масавай інфармацыі сёння маюць свае сайты, якія актыўна абнаўляюцца. Акрамя таго, ствараюць старонкі ў сацыяльных сетках.
Нагадаем, што з 19 снежня 2014 года без тлумачэння прычын сайт charter97.org ды шэраг іншых незалежных інтэрнэт-рэсурсаў былі заблакаваныя для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі.
Наша служба тэхпадтрымкі здолела змінімізаваць блакаванне, аднак шмат якія карыстальнікі з Беларусі далей паведамляюць пра цяжкасці з доступам да сайта.
Інструкцыя абыходу блакавання - тут.
Фота БелаПАН