Маці Яўгена Васьковіча: Сын спадзяецца на датэрміновае вызваленне
- 7.02.2015, 12:42
- 8,064
Яўген Васьковіч, які ў канцы мінулага года быў пераведзены з турмы ў калонію №15 Магілёва, атрымаў першае за чатыры гады зняволення спатканне з маці.
Рушанія Васьковіч паехала на сутачнае спатканне адна.
- Бабулі Яўгена, Зоі Іванаўне, ужо цяжка ехаць у такую дарогу, таму я паехала адна, - распавяла Рушанія Васьковіч ПЦ «Вясна». - Нас пасялілі ў асобным пакойчыку, быў час пра ўсё пагаварыць. Добрыя там былі ўмовы. Бабуля перадала яму хатнія блінцы, якія Жэня так моцна любіць, я навезла яму шмат прадуктаў. Але, на жаль, за суткі ён усё з'есці не змог, бо адвык ад тлустай і сытнай ежы, а з сабой узяць рэшткі яму было нельга. Вядома, сын выглядае схуднелым, кілаграм пяць ці нават больш скінуў.
Яўген Васьковіч у калоніі старанна выконвае сваю працу і спадзяецца на датэрміновае вызваленне, кажа яго маці.
- Кажа, што ў яго пачало атрымлівацца шыць целагрэйкі. Вядома, на тое, што яго адпусцяць да «выбараў», мы і не спадзяемся. Шмат чытае, калі ёсць вольны час, па магчымасці адказвае на лісты. Жэня вельмі ўдзячны ўсім за падтрымку, усіх абдымае! Кажа, як толькі вернецца дадому, усіх сяброў збярэ і накрые для іх стол, - дадае Рушанія Васьковіч.