Раман Бяссмертны: Лукашэнка стаіць у хоры крамлёўскіх падбрэхічаў
12- 19.03.2015, 11:08
- 34,757
Беларускі дыктатар робіць толькі тое, што яму дазваляе Пуцін.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў былы амбасадар Украіны ў Менску Раман Бяссмертны.
- У аўторак у эфіры «5 канала» Вы заявілі, што расейскія спецслужбы пачалі ў Беларусі дэзінтэграцыйныя працэсы. На падставе чаго вы робіце такія высновы? Вы маеце нейкую эксклюзіўную інфармацыю аб дзейнасці расейскіх спецслужбаў у Беларусі?
- У першую чаргу трэба звярнуць увагу на сацыяльныя сеткі і тое, як раптам, ні з таго ні з гэтага, з'явілася ідэя стварэння усялякіх рэспублік на тэрыторыі Беларусі. Што гэта такое? Гэта ў сістэме кгбшных механізмаў называецца пробны камень. Цяпер Крэмль будзе чакаць, як зрэагуе і грамадства, і беларуская ўлада на такія інфармацыйныя рэчы. Гэта па-першае. Па-другое, не выпадковае і скасаванне сустрэчы трох прэзідэнтаў у Астане, а яшчэ больш невыпадковае супадзенне: з'яўленне ў сродках масавай інфармацыі такіх укідаў і пэўныя арганізацыйныя дзеянні.
Што тычыцца аператыўных звестак, то ўжо прабачце, я вам гэтага казаць не буду, таму што ніхто ніколі такія крыніцы не раскрывае.
- Але такія звесткі ёсць?
- Так, ёсць.
- У эфіры «5 канала» вы таксама адзначылі, што Беларусь могуць «кінуць у гульню», каб тарпедаваць балтыйскія краіны». Што вы мелі на ўвазе?
- Гэта той жа самы механізм, які можна бачыць ва Украіне. Я думаю, вы чулі пра тое, што існуе так званы «замежны расейскі легіён». Калі вы паглядзіце на біяграфіі людзей з гэтага легіёну, то большасць з іх ужо прайшлі абкатку ва Украіне, на Данбасе, на баку сепаратыстаў. Дык вось звярніце ўвагу на тое, колькі там беларусаў. Гэта не выпадкова. І як вы мяркуеце, каму яны будуць служыць у Беларусі? Расеі, Беларусі? Ці будуць выконваць указанні наконт правакацый у Літве і Латвіі? Тут вельмі выразна пастаўлена задача: іх галоўная функцыя - у стварэнні правакацыяў у балтыйскім рэгіёне.
- На вашу думку, навошта Пуціну сёння нешта рабіць супраць Лукашэнкі? Усё ж такі Лукашэнка ўважаецца апошнім хаўруснікам Крамля...
- Гэта не гульня супраць Лукашэнкі, як і не гульня на Данбасе супраць Украіны. Гэта вялікая геапалітычная гульня, у якой і Украіна, і Беларусь, і Лукашэнка з'яўляюцца аб'ектам, а не суб'ектам працэсу.
- І ўсё ж такі, навошта Крамлю дэстабілізацыя ў Беларусі?
- Для ўзмацнення свайго ўплыву. Што трэба на сённяшні дзень Пуціну? Узмацненне ціску, каб развязаць сабе рукі для ўплыву на балтыйскія краіны.
- А як вы ацэньваеце тую палітычную лінію, якой прытрымліваецца Лукашэнка ў сувязі з украінскім крызісам?
- Ды няма ў яго ніякай лініі! Ён стаіць у хоры крамлёўскіх падбрэхічаў і робіць ён толькі тое, што яму дазваляюць рабіць і толькі ў тых рамках, якія ўсталёўвае Пуцін. Пра якую самастойнасць Лукашэнкі вы кажаце? Яе не было, няма і не будзе. Ён будзе рабіць тое, што скажа яму Пуцін. А калі не будзе рабіць, то ён проста не будзе прэзідэнтам.
- Сёння на ўсходзе Украіны ўсталявалася адноснае зацішша. На вашу думку, як доўга гэта зацішша прадоўжыцца, і чаго чакаць у найбліжэйшай будучыні?
- На жаль, я не магу назваць гэта зацішшам, таму што кроў прадаўжае ліцца, людзі пакідаюць месца, дзе яны дзесяткамі гадоў жылі, дзе жылі іх бацькі, дзяды і прадзеды. Таму гэта не зацішша, гэта бясконцая вайна. Як доўга яна будзе ісці? На жаль, Украіна на гэта не ўплывае. Сёння гэты канфлікт выйшаў за рамкі Украіны - гэта геапалітычная гульня, дзе Украіна з'яўляецца толькі полем для бітвы.
Фота: PHL