Мінінфармацыі перайшло ў наступ на незалежныя газэты
9- 2.03.2015, 13:36
- 36,311
Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанні адразу тром незалежным рэгіянальным выданням.
Ва ўсіх выпадках папярэджання датычацца дробных прычэпак у выходных звестках. Рэдактары мерацца звяртацца ў суд, паведамілі charter97.org у прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
На гэты момант вядома, што Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджанні аб парушэнні закона «Аб СМІ» як мінімум тром рэдакцыям рэгіянальных выданняў: «Газеце Слонімскай», «Intex-Press» у Баранавічах і «Ганцавіцкаму часу».
У прыватнасці, «Газету Слонімскую» абвінавачваюць у тым, што ў двух лютаўскіх нумарах у выданні нібыта не быў пазначаны наклад. Разам з тым, як відаць з выкладзеных на сайце PDF-версій газэты, наклад пазначаны на самай першай старонцы СМІ.
Рэдакцыю газеты «Intex-Press» у Баранавічах абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння слоў «РБ» замест «Рэспубліка Беларусь» ў выходных звестках выдання.
- Дастаткова было б тэлефанавання з Міністэрства інфармацыі, каб мы выправілі гэтае скарачэнне, калі яно напраўду не адпавядае заканадаўству. Але Мінінфармацыі наважыла вынесці менавіта афіцыйнае папярэджанне. Відавочна, што гэта дэманстрацыя моцы: «глядзіце, мы трымаем вас усіх на кручку», - пракамэнтавалі сітуацыю ў рэдакцыі «Intex-Press».
Аналагічныя прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі выставіла і да рэгіянальнай газэты «Ганцавіцкі час».
- Па-першае, нідзе ў законе «Аб СМІ» не напісана, што ў друку нельга ўжываць скарачэнняў. Таму, безумоўна, мы будзем абскарджваць гэтае папярэджанне. А па-другое, абсалютная большасць дзяржаўных рэгіянальных выданняў альбо выкарыстоўваюць такія ж скарачэнні, альбо наогул не пазначаюць «Рэспубліка Беларусь» у выходных звестках, - заявіў галоўны рэдактар «ГЧ» Пётр Гузаеўскі.
Нагадаем, што пасля атрымання двух папярэджанняў на працягу года ўсякі зарэгістраваны ў Беларусі СМІ можа быць зліквідаваны праз суд. «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звязвае папярэджанні з набліжэннем прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, калі СМІ могуць чарговым разам трапіць пад пераслед улад.