Палітвязень зрабіў на грудзях тату «Лукашэнка, сыходзь»
16- 23.03.2015, 8:00
- 40,012
Юры Рубцоў зрабіў татуіроўку спецыяльна да Дня Волі.
«Трэба ж нагадаць пра тое, за што я тут сяджу. Пачалося ўсё з таго, што я быў на Чарнобыльскім шэсці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь», якую міліцыянты з мяне сарвалі і так мяне адправілі ў суд. Цяпер, мяркую, разам са скурай надпіс не сарвуць», - заўважыў Юры Рубцоў.
Актывіст кажа, што тату яму зрабілі па ўсіх правілах. Працэдура праходзіла даволі балюча, але «без болю нічога не бывае». Надпіс зроблены па-руску. Рубцоў жартуе, што не стаў выпрабоўваць «мастака» на веданне мовы, каб не атрымалася памылкі, якую немагчыма будзе выправіць. Суседзі Юрыя Рубцова па інтэрнаце, са слоў палітвязня, змест тату падтрымліваюць, паведамляе «Радыё Свабода».
Напярэдадні Юры Рубцоў атрымаў з Дэпартамента выканання пакаранняў МУС адказ на сваю скаргу, што ўнутраная інструкцыя ўстановы супярэчыць Канстытуцыі. «Хіміку» адказалі, што ніякіх супярэчнасцяў няма. «Але ніякіх довадаў у адказ на мае аргументы не прывялі», - заўважае Юры Рубцоў.
Цягам тыдня Юры Рубцоў зноў не працаваў. Ён па-ранейшаму настойвае, каб яму далі працу з заробкам, які адпавядае сярэдняму у краіне. Палітвязень згаджаўся працаваць і на месцы з меншым заробкам, аднак адмаўляўся падпісваць дамову з працадаўцам, бо ўважае, што пры сваім статусе асуджанага не мае на гэта права. Апошні раз яму прапаноўвалі працу кіроўцы ў бальніцы. Ён пагадзіўся працаваць, але без падпісання дамовы. У выніку на працу яго так і не вывезлі.
«У камендатуры мне па-ранейшаму нерэгулярна выдаюць недзяржаўныя газеты, на якія я падпісаўся. Гэта робіцца адмыслова, каб я не раздаваў гэтыя газеты іншым «хімікам». Міліцыянты мяркуюць, што я магу сагітаваць іх у апазіцыю. А людзі тут сапраўды без газет нічога не ведаюць. Некаторыя шчыра дагэтуль думаюць, што Расея Крым не захапіла войскамі, а ён сам далучыўся», - распавёў Юры Рубцоў пра іншых «хімікаў».
Грамадскі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за «абразу» суддзі Савецкага раённага суда Кірыла Палулеха, які пагадзіўся судзіць Рубцова паўголага. З канца 2014 ён адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна.