Дзень Волі адсвяткуюць у еўрапейскіх краінах
- 25.03.2015, 14:17
- 7,638
97-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі святкуюць 25 сакавіка не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Дзень Волі плануюць адзначыць сёння беларусы, якія жывуць у Польшчы, Літве, Украіне, Бэльгіі, Чэхіі, Вялікабрытаніі ды Расеі, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Раду БНР.
Так, у Беларускім доме ў Варшаве пройдзе цырымонія ўручэння «Нацыянальнай прэміі Хартыі'97» у галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2014. Яе лаўрэатамі сталі былыя палітвязні Васіль Парфянкоў і Эдуард Лобаў, заслужаны майстар спорту Беларусі Віталь Гуркоў і рэжысёр Антон Цялежнікаў. Пасля ўручэння прэміі адбудзецца творчая сустрэча з мастаком і грамадскім дзеячам Аляксеем Марачкіным.
У Беластоку ў кавярні Zmiana Klimatu а 18.00 пачнецца канцэрт дзіцячага гурта «Баламуткі» і Vinsent, якія выступяць з беларускімі песнямі.
У Вільні апоўдні на могілках Расу адбудзецца ўскладанне кветак на магілы дзеячаў, якія падпісалі Акт незалежнасці БНР. А ў сэйме Літвы з 14 да 16 гадзін адбудзецца дыскусія «2015 у Беларусі - калі геапалітыка бярэ верх над каштоўнасцямі дэмакратыі» з удзелам беларускіх і літоўскіх палітыкаў, праваабаронцаў, грамадскіх дзеячаў і сваякоў палітвязняў. А 18.00 у Uzupio kavine пройдзе святочны канцэрт Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна.
У Кіеве святочныя імпрэзы пачнуцца а 15 гадзіне перад помнікам Уладзіміру Караткевічу каля амбасады Беларусі, а ў Чарнігаве Дзень Волі адзначаць вечарам у бары «Фальварак».
У Брусэлі на плошчы Шумана з 11 да 13 гадзін пройдзе пікет, арганізаваны Беларуска-еўрапейскім аб'яднаннем.
У Празе а 12.00 адбудзецца традыцыйнае ўскладанне кветак на магілы кіраўнікоў БНР на Альшанскіх могілках, а вечарам у клубе Music City Club выступіць беларускі бард Зміцер Вайцюшкевіч.
У Беларускім доме ў Лондане а 14 гадзіне пачнецца выступ прафесара Лундскага ўніверсітэта доктара гістарычных навук Пэра Андэрса Рудлінга на тэму «Савецкая беларусізацыя: міф ці рэальнасць?».
Маскоўскае таварыства беларускай культуры імя Ф.Скарыны заклікае ўсіх ахвотных а 18.30 прынесці кветкі да помніка Янку Купалу на Кутузаўскім праспекце. Пасля ўскладання кветак адбудзецца вячэра для ўсіх ахвотных.
Нагадаем, у Менску шэсце і мітынг з нагоды Дня Волі пройдуць з 15 да 18 гадзін. Вулічныя святкаванні ў іншых гарадах, у тым ліку ў Віцебску, Гародні, Бярозе, Лідзе, забароненыя.