Вінцук Вячорка: Ідэя зрабіць Лукашэнку «міратворцам» належыць Пуціну
8- 30.03.2015, 11:45
- 22,934
Крамлёўская рука па-ранейшаму ўпэўнена трымае павадок Лукашэнкі.
Пра гэта беларускі палітык і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка распавёў украінскай службе «Радыё Свабода».
- Пра Аляксандра Лукашэнку да нядаўняга часу казалі толькі як пра астатняга дыктатара Еўропы. Ці змяніўся ягоны імідж дзякуючы ролі міратворцы, якую ён узяў на сябе ў расейска-ўкраінскім канфлікце?
- Я думаю і я ведаю, што дыктатары не мяняюцца, іх прырода не мяняецца. Але гэты дыктатар набраўся досведу і выкарыстоўваў розныя геапалітычныя змены, змены пакаленняў у заходняй палітыцы, выкарыстаў таксама хібы моцных асобаў на Захадзе. «Чэрчыляў», як кажуць, няма, а «чэмбэрленаў» шмат цяпер, пра што ўкраінцы вельмі добра ведаюць. І цяпер Лукашэнка застаўся такім жа Лукашэнкам, якім і быў, дыктатарам, але пакуль не такім, як Сталін. Але калі б ён меў ядзерную зброю, і ўсе іншыя рэчы, як Сталін, ён бы зрабіў у нас сталінізм, серыя №2.
Але заходнія лідары цяпер прыязджаюць у Менск, называюць яго «міратворцам», і мараць, як бы так зрабіць Лукашэнку незалежным, або, прынамсі, нейтральным у сітуацыі агрэсіі Расеі супраць Украіны. Я б не пагадзіўся з тэзісам, што ён з'яўляецца міратворцам, мы ведаем, што гэта, напраўду, была прапанова Пуціна. Кіеў не мог адмовіць, бо і Парашэнка, і да яго Турчынаў сустракаўся з Лукашэнкам, таму Кіеў пагадзіўся, хоць лепей бы гэта была Жэнева.
- Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны надоечы ў адным са сваіх інтэрв'ю аб сітуацыі ў Беларусі казаў пра тое, што ў Маскве з'явілася ідэя стварэння нейкіх рэспублік, накшталт так званых «ДНР» і «ЛНР», на тэрыторыі Беларусі. Што Вы чулі аб такой тэзе, ці адпавядае яна рэчаіснасці?
- Цяпер гэта былі спробы праз такія адыёзныя рэсурсы, як «Спутник и погром» закінуць інфармацыю аб Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай «народных рэспубліках». Маўляў, у 23-27-х гадах яны «былі незаконна перададзеныя Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспубліцы», гэта тая самая песня. Але так, напраўду, такая спроба была, гэта такі тэст: як будуць рэагаваць - і грамадства, і цяперашняя ўлада. Думаю, гэта такое «пакарачэнне павадка» для Лукашэнкі. Крамлёўская рука, па-ранейшаму трымае гэты павадок упэўнена, выкарыстоўваючы і нафтавыя інструменты, і фінансавыя, а таксама спецслужбы. Так што з гэтага пункту гледжання, я думаю, Крэмль разглядае Беларусь як суцэльную сваю правінцыю: ляжыць гэты кавалак у лядоўні дзесьці і ў выпадку чаго, я не ведаю, паразы ва Украіне ці патрэбы ўзмацніць імідж Пуціна як «збіральніка зямель расейскіх», гэты кавалак з лядоўні дастануць.
І Лукашэнка, нават калі б ён і хацеў стаць па-сапраўднаму незалежным, мала чаго зможа зрабіць. Ён баіцца беларускага грамадства, ідэйна матываваных людзей, толькі яны і маглі б абараніць нашую незалежнасць, пачынаючы ад сцвярджэння, што мы з'яўляемся асобнай нацыяй, са сваімі традыцыямі, мовай, і Днём Незалежнасці, нарэшце.
- Вы думаеце, што для Лукашэнкі жаданне быць незалежным значна меншае, чым страх перад Пуціным?
- Асабіста ён хацеў бы быць незалежным, быць дыктатарам, і, пажадана, не толькі ў Беларусі, але таксама і ў Расеі, і дзе яшчэ атрымаецца. Мы памятаем, як у час кіравання Ельцына ён марыў, і не толькі марыў, але рэальна дзейнічаў - ездзіў у расейскія губерні, часта нават не паведаміўшы Крамлю, едзе на Кубань або ў Чыту, і пры гэтым меў дастаткова магутнае лобі сярод расейскіх губернатараў. Толькі калі прыйшоў Пуцін, які таксама быў больш-менш таго ж узросту, таксама са спецслужбаў, спартыўны і гэтак далей, выявілася, што Пуцін ужо гэтага цярпець не будзе.
- Уявім сабе (гіпатэтычнае пытанне), што на тэрыторыю Беларусі пачалі прыбываць так званыя «зялёныя чалавечкі»... Якім быў бы тады сцэнар, як бы павёў сябе Лукашэнкі?
- Ведаеце, у нас ёсць такая праблема, што «чалавечкі» ўжо з'яўляюцца часткай краіны. Ёсць, напрыклад, цэлая ідэалагічная вертыкаль узброеных сілаў Беларусі, якая спецыяльна нават не хавае сваіх сімпатый да Суворава, да расейска-савецкай гісторыі, і таксама не хавае нянавісці да Кастуся Каліноўскага, нашага героя. Таму думаю, што ў выпадку чаго, атрымаўшы, не ведаю, два загады адначасова, мы не ведаем, які загад яны выканаюць. Лукашэнка спецыяльна нашпігаваў войска, сілавыя структуры, КДБ людзьмі, народжанымі па-за Беларуссю, як правіла, у Расеі, якія сканчалі Акадэмію генеральнага штаба, ці як яна называецца, Вышэйшую школу КДБ у Маскве, і гэтак далей. Яны ментальна з'яўляюцца савецкімі і цяпер гэта азначае, што яны з'яўляюцца пуцінскімі.
- Такім чынам, як Вы сабе ўяўляеце, якім мог бы быць сцэнар?
- «Чалавечкі» ўжо цяпер у нас ёсць. У нарэшце, гэтак жа, як яны былі ў Крыме, у нас ёсць дзве вайсковыя базы яшчэ з ельцынскіх часоў, расейскія. А цяпер Лукашэнка нібыта «папрасіў» Пуціна размясціць яшчэ баявую авіяцыю ў Беларусі. Ну хто каго прасіў, мы разумеем, і хто каму загадваў. Вайсковая прысутнасць будзе нарошчвацца, і манеўры з легендай, што на нас хтосьці там нападае з Захаду, з Літвы або з Польшчы будуць праводзіцца. Штогод праходзяць супольныя манеўры войска Беларусі і расейскага войска, так што калі што, гэта магла б быць такая аперацыя: і матэрыялізацыя «чалавечкаў», якія ўжо ёсць ва ўніформе, са знакамі, без знакаў, усё адно, і візуалізацыя ўсёй пятай калоны, якая ужо сядзіць у сілавых структурах.
Зразумела, што Лукашэнка гэта таксама ўжо зразумеў, усвядоміў, і баіцца гэтага, але манеўраў у яго асабліва няма
Фота: charter97.org